magyarkurir.hu

magyarkurir.hu

15 ліпеня ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і арханёла Міхала ў г. Вац (Венгрыя) адбылося біскупскае пасвячэнне мансеньёра Габара Пінтэра, якога Папа Францішак прызначыў Апостальскім Нунцыем у Беларусі. Арцыбіскуп Пінтэр стаў першым венгерскім Нунцыем у гісторыі.

Галоўным пасвячаючым быў Дзяржаўны Сакратар Папы Францішка кардынал П’етра Паралін, асіставаў — Прымас Венгрыі кардынал Пэтэр Эрдзё і ардынарый дыяцэзіі Вац біскуп Міклаш Бэер. Беларусь прадстаўлялі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Ва ўрачыстай Імшы прымаў удзел таксама арцыбіскуп Вены кардынал Крыстаф Шонбарн, які два тыдні таму ў якасці папскага легата ўзначаліў юбілейныя ўрачыстасці 25-годдзя ўстанаўлення Мінска-Магілёўскай мітраполіі.

Усяго ў Імшы ўдзельнічалі 25 біскупаў, сярод якіх іерархі Венгрыі, у тым ліку грэка-каталіцкі епіскап, прадстаўнікі епіскапатаў Аўстрыі, Сербіі, Славеніі, Харватыі, Беларусі, а таксама каля 100 святароў. Былі прысутныя праваслаўны архіепіскап Вены і Будапешта Сербскага Патрыярхату, віцэ-прэм’ер Венгрыі і парламентарыі.

Шмат увагі кардынал П’етра Паралін прысвяціў заданням Нунцыя як прадстаўніка Святога Айца, які павінен дапамагаць мясцоваму Касцёлу ў выкананні яго непасрэднай функцыі весці людзей шляхам збаўлення, а таксама развіваць адносіны паміж Апостальскім Пасадам і канкрэтнай краінай, у дадзеным выпадку з Беларуссю. Кардынал падкрэсліў, што мансеньёр Габар Пінтэр будзе служыць у Беларусі, дзе Касцёл 25 гадоў таму атрымаў свабоду і дзе гэты Касцёл жывы, мужна сведчыў і працягвае сведчыць сваю веру.

Біскупскае пасвячэнне новага Нунцыя, прызначанага ў Беларусь, стала добрай аказіяй для Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча сустрэцца з многімі іерархамі. Кардынал Крыстаф Шонбарн паведаміў беларускаму арцыпастыру, што два дні таму перадаў Святому Айцу рапарт аб урачыстасцях юбілею 25-годдзя заснавання Мінска-Магілёўскай мітраполіі. Таксама кардынал сказаў Пантыфіку, што католікі Беларусі чакаюць яго.

У адказ Папа ўзгадаў візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Ватыкан. Акрамя таго, кардынал Шонбарн з вялікім энтузіязмам распавёў іншым біскупам аб будслаўскіх урачыстасцях, падкрэсліваючы, што ў іх прымала ўдзел 30 тысяч вернікаў.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падчас сустрэчы з Дзяржаўным Сакратаром Папы кардыналам П’етро Паралінам і новапрызначаным Апостальскім Нунцыем арцыбіскупам Габарам Пінтэрам пазнаёміў іх з апошнімі трывожнымі падзеямі ў жыцці Касцёла ў Беларусі, якія, як дадаў іерарх, на шчасце, паспяхова вырашыліся.

Арцыбіскуп Габар Пінтэр прыбудзе ў Беларусь у сярэдзіне жніўня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?