Пэнсіянэры вёскі Харомск Столінскага раёна з‑за адсутнасьці пашы вымушаны перапраўляць жывёлу цераз раку на заліўныя лугі, а паколькі моста паблізу няма, пераправа адбываецца вось такім чынам.
«Напэўна, апошні год я трымаю карову, — сказаў колішні калгасны трактарыст, 71‑гадовы Зоцік Ігнатавіч Украінец, вяслуючы лодку на процілеглы бераг. — Хіба лёгка даецца нам гэтае малако?»
Уладзімер Шпак адгукнуўся на просьбу аднавяскоўца дапамагчы перавезьці Лыску за Гарынь. Пераправа прайшла пасьпяхова.
Палова жыхароў вёскі Харомск ня мае месца для пашы свойскай жывёлы — з аднаго боку пасевы і палеткі мясцовага сельгаскаапэратыва, з другога вёску падпірае рака. Гаспадары вымушаны нейкім чынам перапраўляць сваіх карміліц праз хуткаплынную Гарынь, за якой прасьціраюцца пойменныя лугі і балоты. Гэта адзіная магчымасьць атрымаць добрыя надоі і жыхарам больш нічога не застаецца, як выпраўляцца ў небясьпечнае пераадоленьне ракі. Інакш трэба чакаць узьвядзеньня пантоннага моста, якое адбываецца тут звычайна не раней сярэдзіны чэрвеня. Альтэрнатывы няма і, рызыкуючы, то адзін гаспадар, то другі цягнуць на вяроўцы сваіх каровак праз глыбокае цячэньне.
На падыходзе лета, а вада ў Гарыні сёлета вялікая, доўга не спадае. Нават тройчы на дзень пераадолець на вёслах водную стыхію, тым больш жанчыне, справа ня зь лёгкіх. І гэтак штодня. Уявіце сабе, што першая дойка тут ажно ў пяць раніцы. Харомскім гаспадыням, а дойка спрадвеку была іхнім клопатам, сапраўды, не пазайздросьціш. На іх жа плячах і агароды, і хатнія справы, і праца. Колькі часу і высілкаў забірае толькі адна гэтая «малочная» пераправа? Бывае па чатыры чалавекі на лодцы, па пяць і нават, па шэсьць. А што рабіць, калі лодак ня шмат, а плысьці трэба. Кароўкі ж чакаюць і клічуць. Вунь і цяпер стаяць ля самай вады і гукаюць сваіх гаспадынь.
«Летась у буру ледзь не перакуліліся, вось страху было», — у адзін голас прыгадваюць мінулагоднія «прыгоды» харомскія жанчыны, ўздыхаючы з‑за адсутнасьці больш‑менш трывалай пераправы.
На супрацьлеглым беразе расьцягнулася чарада летніх буданоў для начнога ўтрыманьня жывёлы. Частка зь іх ня першы год пустуе. Людзям пэнсійнага ўзросту не пад сілу гэткі экстрым, ды і лодкі цяпер ёсьць ня ў кожнага. А маладых такая рамантыка (ці экзотыка?) не прываблівае. Галіна Іванаўна Каральчук, пакуль веславала, пасьпела расказаць, што гадоў сорак таму пагалоўе іхняй часткі вёскі пераўзыходзіла дзьвесьце кароў. А цяпер дваццаць ледзь набярэцца. У яе, як і ў большасьці харомскіх гаспадынь і гаспадароў, першая мара — мост праз Гарынь. Яны яшчэ не зьбіраюцца выправаджваць з двара сваіх карміліц‑рагуль.