Хоць шлях аказваецца ня блізкі: калі беларускія дыстрыбутары не далі рады, прадстаўнік аб’яднаньня адправіўся на перамовы ў Маскву.

Творчае аб’яднаньне «Дзіўноты й памароцтвы» вылучаецца сярод іншых падобных ініцыятыў упартым імкненьнем выдаваць ня проста фільмы па-беларуску, але выдаваць легальна, з датрыманьнем усіх аўтарскіх правоў.

Зрабіць гэта аказваецца няпроста.

Буйныя карпарацыі, кшталту Walt Disney, DreamWorks, Warner Brothers і г. д. маюць сваіх дыстрыбутараў бадай у кожнай краіне сьвету. Аднак у Беларусі гэтыя дыстрыбутары не займаюцца ніякімі іншымі пытаньнямі, апрача ўласна распаўсюду гатовых дыскаў. То бок, пытаньні агучваньня й дубляваньня відэапраграмаў, а таксама майстраваньня канчатковых DVD папросту не ўваходзяць у іхнюю кампэтэнцыю.

Зьвярнуўшыся да кампаніі «ВідэаМакс» (афіцыйна прадстаўляе на Беларусі Walt Disney i Universal) з прапановаю абсалютна бясплатна ствараць для іх беларускія гукавыя дарожкі да фільмаў, распаўсюдам якіх на Беларусь яны займаюцца, энтузіясты атрымалі адказ, што на бягучы момант кампанія «ВідэаМакс» юрыдычна ня мае дазволу ад Walt Disney’я хоць нейкім чынам відазьмяняць гатовую прадукцыю, якую яна атрымлівае для рэалізацыі ў нашай краіне.

Такім чынам, каб у крамах ліцэнзійна прадаваліся дыскі, на якіх апрача арыгінальнае й расейскае гукавае дарожкі была б яшчэ й беларуская, патрэбны альбо закон, як ва Ўкраіне, дзе да распаўсюду не дапускаюцца відэапраграмы, на якіх няма дзяржаўнае мовы, альбо добраахвотны перагляд кантрактаў тутэйшых дыстрыбутарскіх кампаніяў з афіцыйнымі праваўладальнікамі, што ў дадзенай сытуацыі падаецца амаль немагчымым.

Таму «Дзіўноты й памароцтвы» вырашылі зьвярнуцца наўпрост у прадстаўніцтва Walt Disney’я па СНД, якое знаходзіцца ў Маскве, з тым, каб патлумачыць моўную сытуацыю ў нашай краіне й паспрабаваць пераканаць іх у неабходнасьці дубляваньня замежных фільмаў, найперш мультыплікацыйных, на нацыянальную мову.

У якасьці прыкладу таго, што ў Беларусі агучваньне відэапраграмаў можна выконваць на высокім якасным роўні (нават пры ўмове, што справа робіцца на роўні грамадзкае ініцыятывы пры практычна нулявым бюджэце), у Маскву адправілі колькі дыскаў з агучаным «Тарзанам». Актывісты зь «Дзіўнотаў…» ставаць сабе мэту дамагчыся ўключэньня беларускамоўных гукавых дарожак (гэтаксама, як і беларускіх патокаў субтытулаў) у тыя DVD-дыскі, што рэалізуюцца ў Беларусі праз афіцыйныя сеткі распаўсюду.

А тым часам выпушчаны на заводзкіх кружэлках абмежаваны наклад дубляванага па-беларуску «Тарзана» ужо трапіў да распаўсюднікаў, — паведамляюць «Дзіўноты й памароцтвы».

X

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0