Грамадства2323

Пяць фактаў пра забітага журналіста Паўла Шарамета

20 ліпеня раніцай у Кіеве загінуў вядомы журналіст, стваральнік сайта «Беларускі партызан» Павел Шарамет. «Наша Ніва» згадвае біяграфію гэтага яркага чалавека.

Быў адным з першых палітвязняў пры Лукашэнку

Павел Шарамет нарадзіўся ў 1971 годзе ў Мінску. На момант смерці яму было 44 гады. Нават не верыцца, што так мала, бо за сваё жыццё Шарамет паспеў шмат чаго зрабіць і шмат чаго пабачыць. Ён вучыўся на гістфаку БДУ, але кінуў і перавёўся вучыцца ў больш прэстыжны наргас. У пачатку 1990-х, калі ўсе зараблялі грошы, Шарамет кінуў банкаўскую справу і сышоў у журналістыку. Той выбар быў вызначальным для яго. Спачатку была праца на Беларускім тэлебачанні, пасля — у зорнай рэдакцыі «Белорусской деловой газеты». Менавіта адтуль Шарамета ўзялі на расійскае ОРТ.

У ліпені 1997 года Шарамета арыштоўваюць па абвінавачванні ў «незаконным пераходзе дзяржаўнай мяжы». Ён быў прысуджаны да 2 гадоў пазбаўлення волі, але ў турме правёў каля трох месяцаў. Шарамет быў прызнаны адным з першых беларускіх палітвязняў і за яго вызваленне змагаліся ў розных краінах. Уступіўся за журналіста асабіста прэзідэнт Расіі Барыс Ельцын.

«Кожны ў сваім жыцці робіць выбар самастойна. І кожны свядома ідзе на тую ці іншую рызыку. Нават цяпер, у прынцыпе, я ні пра што не шкадую. Галоўнае, што маё сумленне чыстае. Як тады я займаўся тым, што лічыў патрэбным і важным, гэтак і цяпер займаюся тым жа самым. Што да ўнутранай сілы, вы мусіце вырашыць перад тым, як пойдзеце на мітынг, дэманстрацыю, збіраецеся клеіць улёткі і г.д», — гаварыў журналіст.

Сябра Змітра Завадскага

На расійскім ОРТ Павел Шарамет шчыльна працаваў з аператарам Змітром Завадскім. Рэпартаж пра беларуска-літоўскую мяжу яны тады рабілі разам. І Завадскі атрымаў свае 1,5 года турмы, правёў у няволі месяц. У ліпені 2000 года Завадскі прыехаў на машыне ў аэрапорт «Мінск-2», каб сустрэць менавіта Шарамета. Машыну Завадскага знайшлі, а вось самога аператара не могуць знайсці да сённяшняга дня.

Афіцыйная версія гучала, што Завадскага забіў былы спецназавец Ігнатовіч, які ўсё яшчэ сядзіць на пажыццёвым у Жодзіне. Нібыта справа раскрытая, але ў яе вераць далёка не ўсе. Той жа Павел Шарамет простым тэкстам абвінавачваў у злачынстве тагачасныя беларускія ўлады. Лукашэнка адказаў на гэта: «Загінуў аператар, а гэты правакатар Шарамет сядзіць у Маскве і піша ўсялякія паскудствы пра Беларусь».

Павел Шарамет рабіў вельмі шмат, каб памяць пра ягонага сябра не была забытая. Менавіта ён быў аўтарам фільма «Дзікае паляванне», прысвечанага тэме зніклых, які дэманстраваўся на тэлеканале ОРТ. Шарамет штогод уручаў журналісцкую прэмію імя Дзмітрыя Завадскага. Уздымаў гэтую тэму ў СМІ.

Заснавальнік «Беларускага партызана»

Павел Шарамет заняў вельмі радыкальную пазіцыю ў дачыненні беларускай улады ў цэлым і Аляксандра Лукашэнкі ў прыватнасці. «Лукашэнка — мой асабісты вораг», — казаў ён. У суаўтарстве з журналісткай Святланай Калінкінай ён напісаў кнігу «Выпадковы прэзідэнт», якая шмат разоў канфіскоўвалася ў Беларусі. Яе забаранялі, аднак кніга ўсё адно дайшла да чытачоў.

Тое, што Шарамет і ў Маскве не забываўся на Беларусь, выдатна сведчыць факт, што ў лістападзе 2005 года ім быў заснаваны сайт «Беларускі партызан». Ён імгненна зрабіўся адным з найбольш папулярных сярод тых, хто прагнуў альтэрнатыўнай інфармацыі. Скаргі на «Беларускі партызан» у дзяржаўныя СМІ пісалі «ветэраны Вялікай Айчыннай вайны». Маўляў, яны лічаць абразлівай такую назву. Сайт быў правакатыўным, рэзкім, Шарамет шукаў выхад на адстаўных сілавікоў, часта яго знаходзіў. Цікава, які зараз будзе лёс у гэтага партала.

Таксама ён з’яўляецца заснавальнікам сайта «Гістарычная праўда», дзе публікаваліся працы аб гісторыі Беларусі.

З расійскага ТБ звольнілі за «русафобію»

Шарамет здымаў фільмы не толькі пра Беларусь, у яго выйшлі партрэты Ягора Гайдара і генерала Лебедзя, ён шмат рабіў матэрыялаў пра чачэнскую вайну. Аж да 2008 года ён працаваў як аўтар спецпраектаў і дакументальных фільмаў на ОРТ. Фармальнай прычынай сыходу быў артыкул у «Ведомостях» «Лукашызацыя Расіі». Прычынай для напісання артыкула быў арышт на 5 сутак вядомага шахматыста Гары Каспарава. «Мне тады было ясна, што ў Расіі ўсё будзе змрочна», — казаў Шарамет. Можна смела сказаць, што ў сваіх ацэнках ён не памыліўся.

Шарамет не хаваў сваёй прыязнасці да расійскай апазіцыі, ён нават праводзіў некаторыя яе мітынгі, сябраваў з ужо таксама нябожчыкам Барысом Нямцовым.

Пасля звальнення з ОРТ Шарамет яшчэ заставаўся ў Маскве. У 2013 была яшчэ адна спроба вярнуцца на ТБ у якасці вядучага, на працу Шарамета ўзяла Грамадскае тэлебачанне Расіі (ОТР). Праз нейкі час у расійскіх медыя пачалося цкаванне «русафоба» Шарамета, які бярэ інтэрв’ю ва ўкраінскіх карнікаў. «Дзіўна, што мне так доўга ўдалося пратрымацца ў моры расійскай тэлепрапраганды і цемрашальства», — на ОТР журналіст адпрацаваў 9 месяцаў.

Вяртанне да беларускай мовы

Пасля гэтага Павел Шарамет з’язджае жыць ва Украіну. Журналіст ад пачатку ваеннага супрацьстаяння Расіі і Украіны заняў бок Украіны, а Расію лічыў агрэсарам. «План Пуціна — гэта знішчэнне Украіны», — казаў ён.

У Кіеве Шарамет працаваў ва «Украінскай праўдзе», а таксама на радыё «Весті». З Украіны Шарамету атрымлівалася рабіць выдатныя інтэрв’ю на беларускую тэматыку. Напрыклад, ён разгаварыў Сяргея Міхалка, які да гэтага доўга не даваў інтэрв’ю, была серыя рэпартажаў пра беларускіх добраахвотнікаў на Данбасе.

Літаральна на гэтым тыдні Шарамет напісаў, што яго пацягнула вывучыць беларускую мову. Ён прызнаў, што часта быў несправядлівы да беларускамоўных, бо лічыў іх няшчырымі. І нават апошняе інтэрв’ю Шарамета было прысвечанае стану беларускай мовы.

«У Беларусі няма падзелу на рэгіёны, тут складана казаць аб аб'яднанні або раз'яднанні на глебе мовы. Але ёсць шанец. Вядома, мова — гэта не ўсё, калі мы гаворым пра любоў да Радзімы, рускамоўных патрыётаў і ва Украіне, і ў Беларусі шмат. Але спадзяюся, што цяга да роднай мовы ў Беларусі не знікне», — сказаў для «Грамадскага радыё».

Каментары23

«За выхадныя на «Малінаўцы» прадалі ўсяго некалькі аўто». Як беларускі аўтарынак жыве без расіян2

«За выхадныя на «Малінаўцы» прадалі ўсяго некалькі аўто». Як беларускі аўтарынак жыве без расіян

Усе навіны →
Усе навіны

На Захадзе распрацавалі дэтэктар, які выяўляе любыя ядзерныя аб'екты на адлегласці да 442 кіламетраў

Раніцай з Беларусі ва Украіну заляцеў незразумелы аб'ект

У Расіі мабілізаваны пяць разоў збягаў з вайсковай часткі — хаваўся ў дзяўчыны, у мамы і ў вёсцы ў гурках6

Затрымалі ксяндза Юрыя Бараўнёва з Крулеўшчыны5

На Камароўцы паўсюль прадаюць грыбы. Цэны на баравікі шакуюць5

Суд у ЗША разглядае справу аб бабрысе, якая не хоча жыць у дзікай прыродзе1

Абвешчаныя нобелеўскія лаўрэаты па фізіцы1

У Мінску банкрутуе фірма, якая развівала сетку бургерных ад Цімаці4

Дзе купілі самую дарагую кватэру ў Мінску ў верасні?2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«За выхадныя на «Малінаўцы» прадалі ўсяго некалькі аўто». Як беларускі аўтарынак жыве без расіян2

«За выхадныя на «Малінаўцы» прадалі ўсяго некалькі аўто». Як беларускі аўтарынак жыве без расіян

Галоўнае
Усе навіны →