Беларускія дзяржаўныя медыя таксама адрэагавалі на смерць у Кіеве журналіста Паўла Шарамета.
Сайт «Советской Белоруссии» зрабіў перадрук з… «Российской газеты». Караценькая інфармацыя аб здарэнні. А таксама біяграфічная даведка, дзе гаворыцца, што «Шарамет абвінавачаны ў незаконнай журналісцкай дзейнасці і супрацоўніцтве з замежнымі спецслужбамі, правёў тры месяцы ў турме». Ніякіх тлумачэнняў адносна той справы «СБ» не дае.
БелТА ўвогуле не дае ніякіх спасылак на тое, што Павел Шарамет – беларус і непасрэдна звязаны з Беларуссю. Проста інфармацыя, што ў Кіеве «забіты журналіст Павел Шарамет».
На сайце Белтэлерадыёкампаніі ўвогуле паведамленняў пра трагічнае здарэнне ў Кіеве няма. І гэта пры тым, што Шарамет працаваў на Беларускім тэлебачанні.
Тэлеканал АНТ падаў інфармацыю больш нейтральна і прафесійна за іншых калег з дзяржаўных СМІ. Там ёсць інфармацыя як пра саму гібель журналіста, гэтак і аб яго беларускім паходжанні.





