Зміцер Вайцюшкевіч. Фота ultra-music.com.

Зміцер Вайцюшкевіч. Фота ultra-music.com.

Беларускі музыка Зміцер Вайцюшкевіч атрымаў паўгадавую стыпендыю Міністэрства культуры Польшчы і ўжо некалькі месяцаў жыве ў Варшаве. Падчас кароткага візіту ў Беларусь Вайцюшкевіч распавёў «Нашай Ніве», чым ён займаецца ў польскай сталіцы, чаму не выступае на радзіме і што палохае беларускага музыку сталага веку.

«Наша Ніва»: Раскажыце тады пра вашае жыццё ў Польшчы і ўвогуле пра гэтую стыпендыю.

Зміцер Вайцюшкевіч: Гэта ўсё прыдумала мая жонка, я і падаў заяўку. Тым больш гэта такі «апошні шанец», бо мне 45 у гэтым годзе, а гэта якраз максімальны ўзрост для ўдзельнікаў. Я напісаў, што хачу займацца музычным тэатрам. І вось, мяне ўзялі.

Мне аплачваюць кватэру ў самым цэнтры Варшавы, я маю грошы, каб нармальна там жыць і развівацца. Нада мною няма аніякага бізуна ці начальніка — я магу займацца чым сам хачу. Высветлілася, што я для іх такі чалавек аўтарытэтны, і мне сказалі: «Нех пан робіць цо хцэ».

Сёння я займаюся ў Варшаве тым, што сабе выдумаў на будучыню. Можна сказаць, рыхтую сабе пляцоўку для працы ў Польшчы. Каб была прафесійная пляцоўка, з прафесійнымі дырэктарамі, менеджарамі, якія будуць у стане рабіць мне раз на месяц там некалькі канцэртаў ці раз на некалькі месяцаў ладзіць тур па Польшчы.

Таксама я хаджу на спектаклі, бо маю мару стварыць тэатр беларускага мюзікла, тэатр, дзе будуць спяваць беларускія песні. Я разумею, што мне стварыць свой прыватны тэатр у Беларусі наўрад ці пакуль магчыма…

«НН»: Дык а дзе ж вы яго тады створыце? У Польшчы?

ЗВ: Ха! (Смяецца). Праз дваццаць гадоў, калі ўсё зменіцца, я атрымаю нейкі будынак. Мы яго адрэстаўруем, я ўжо буду мець досвед і назапашаны вопыт. І славу ва ўсім свеце (пасміхаецца).

«НН»: Будынак КДБ, напрыклад?

ЗВ: Ага, вось, бачыце, ужо загаловак добры — «Вайцюшкевіч хоча стварыць тэатр у будынку КДБ».

«НН»: Так, ці «На Акрэсціна будуць мюзіклы».

ЗВ: Вось! Лепшай прамоцыі для Беларусі не прыдумаеш.

«НН»: А калі сур’ёзна, то што з тэатрам? Назапашваеце досвед дзеля досведу?

ЗВ: Не, ну гэта ж усё роўна карысна, бо я працую з аўдыторыяй, а кожны музыка ў той ці іншай ступені таксама акцёр.

«НН»: Але ж у Беларусі вы тэатр насамрэч не створыце.

ЗВ: Ведаеце, калі мне было 25 гадоў, я вельмі хацеў як мага хутчэй стаць багатым, папулярным і шчаслівым адначасова. А ў гэтым годзе мне будзе 45, і да ўсяго стаўлюся ўжо спакойна. Дасць Бог — будзе жыццё. Я ўжо не спяшаюся, падыходжу да важных справаў грунтоўна. У свой час я вёў перадачу на радыё «Рацыя», дык распрацаваў там такую думку, што за 20 гадоў любому можна падрыхтавацца і ў прэзідэнты пайсці. Стварыць там сваю партыю ці нейкі рух.

«НН»: Дык, можа, і варта было б?

ЗВ: У нас небяспечна. У гэтым сэнсе мне больш падабаецца такая местачковасць, «хутарскасць». Я больш хацеў бы дажыць да сталага веку і застацца ў добрым стане, каб крытыкаваць тых дэмакратаў, якія прыйдуць. Маўляў, былі гады, калі мы тут былі забароненыя, а вы што? Але, калі сур’ёзна, то я не думаю пра кар’еру палітыка.

«НН»: Толькі таму, што гэта небяспечна?

ЗВ: І таму, і яшчэ таму, што мне ўсё ж цяпер цікавей займацца ўдасканальваннем сябе і таго, што вакол мяне: сям’я, мой хутар Вайцюшкі… Але думаю, каб я хацеў і склаліся ўмовы, то можна было б паспрабаваць. Вось у Польшчы музыка Кукіз паказаў добрыя вынікі. Можа, і ў нас музыка змог бы адказаць на запыт людзей. Усё ж паціху рухаецца. Пытанне, канечне, куды?

«НН»: А куды?

ЗВ: Ну, ёсць небяспекі сёння. Першая — страціць незалежнасць. Гэта цяпер проста ў паветры адчуваецца. Ёсць небяспека, калі гэта адбудзецца, быць рэпрэсаваным. Мне здаецца, такія спісы эліт існуюць.

«НН»: У каго яны існуюць? У тых, хто прыйдзе па нашу незалежнасць? То бок у Расіі, вы ж пра яе кажаце?

ЗВ: Так, калі прыйдзе Расія, мяне могуць рэпрэсаваць. І добра калі так, а не наўпрост да сценкі паставяць. Ёсць такая небяспека, бо калі яны прыйдуць, то будуць зачышчаць «не тых» людзей, таксама як і савецкая ўлада ў свой час.

«НН»: А калі казаць пра нашыя спісы — вы ж ужо колькі гадоў не можаце зладзіць канцэрт у Беларусі. Не стаміліся ад такога? Мо прасцей было б адкрыць нейкі бізнэс і жыць сабе ціхенька. Фалафельную, напрыклад?

ЗВ: Варыянтаў, насамрэч, шмат. Мне прапаноўвалі застацца ў Амерыцы, у Польшчы, у Парыжы. Прычым я б і там жыў сваёй творчасцю… Але ж мяне трымаюць тут Вайцюшкі, труны маіх бацькоў… І слухачы.

«НН»: А што трэба вам зрабіць, каб улада перастала забараняць вашы выступы?

ЗВ: Вось не ведаю. Гэта ўвогуле ўсё дзіўна, бо я адзіны музыка, які славіць у свеце менавіта беларускую паэзію. Да таго ж я самы харошы беларускі музыка! Я так фільтрую базар, што о-го-го! Бо, сур’ёзна, я ж усё ж выступаю часам у розных месцах і разумею, што праз мае не тыя паводзіны арганізатары могуць страціць працу. Я ж таксама заўсёды кажу, што чырвона-зялёны сцяг мне не замінае, але вы толькі не перашкаджайце майму бел-чырвона-беламу. Хай яны нават ідуць разам, нічога страшнага тут няма.

Але ж… Усё роўна мне выступаць не дазваляюць. Таму ладжу канцэрты за мяжой. Вось, буду спяваць у віленскай Ратушы 14 мая. Прэзентую новыя песні з альбома «Камета» на вершы чэшскага паэта і барда Яраміра Нагавіцы. У Вільні магу. У Мінску — чамусьці не.

Увогуле, ёсць такі палітычны тэрмін: «лізнуць». Дык я так, як трэба, «лізнуць» не змагу. Дамовіцца па-чалавечы спробы былі — нічога не далі. Можа, яшчэ паспрабую. А «лізнуць» і прагінацца я сабе дазволіць не магу.

Дарэчы, збіраюся пісаць такую кнігу: «Дапаможнік забароненага артыста». Як жывецца, што рабіць, дзе можна выступіць… Можа, будзе карыснай каму.

«НН»: А ўвогуле, дзяржава павінна дапамагаць артыстам? Ці ёй зусім не трэба лезці ў гэта?

ЗВ: Ну, некаторыя дзяржаўныя мужы прапаноўвалі мне зайсці да іх «на каньячок»… Павел Якубовіч, галоўны рэдактар «Советской Белоруссіі», напрыклад. Ён, аказваецца, у тэме беларускага шоу-бізу, любіць, калі да яго «на каньячок» Кулінковіч ходзіць. Адзін з міністраў культуры таксама запрашаў. Але я лічу, што дзяржава не павінна дапамагаць, галоўнае, каб не перашкаджала.

«НН»: Добра, вы не хочаце з’язджаць. А дзеці? Хочаце, каб яны жылі ў Беларусі? Нават калі нашая «стабільнасць» так і не зменіцца?

ЗВ: Я хачу, каб мае дзеці жылі ў Беларусі. А што ж тычыцца палітычнага ладу ў ёй… Дарэчы, мы жывём зараз у Астрашыцкім Гарадку і мой сын Язэп — калі яго возьмуць — пойдзе ў школу, дзе вучыцца Мікалай Лукашэнка. Паглядзім, як яму там будзе вучыцца. Пытанне ў тым, што ён адукаваны ўжо наконт сцяга, мовы… Паглядзім.

«НН»: А як, дарэчы, ставяцца мясцовыя людзі да суседства з кіраўніком краіны?

ЗВ: Я шмат чаго чуў, але не маю права агучваць! Сыну ж ісці ў школу! (Смяецца). Насамрэч, там ёсць і смешныя гісторыі, і такія, якія выклікаюць павагу мясцовых.

«НН»: Ну нейкую байку хоць раскажыце.

ЗВ: Кажуць, што ён вельмі любіць секчы дровы, а потым гэтыя дровы раздае сялянам. Я і сам лічу, што гэта вельмі добра. Мне б хто пасек! Да таго ж тыя дровы можна ўвогуле запакоўваць і прадаваць як сувеніры!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?