У актавай зале электрадэпо № 1 Мінскага метрапалітэна адбылося выязное пасяджэнне суда Першамайскага раёна сталіцы па справе аб гвалце ў дачыненні да супрацоўніка службы бяспекі (ч. 1 арт. 366 КК). Жыхарка Жодзіна адмовілася праходзіць надгляд на станцыі «Уручча» і некалькі разоў ударыла па твары інспектара, які быў на службе.

Інцыдэнт здарыўся 17 мая. Абвінавачаная Валянціна Ганчар сцвярджае, што ў той дзень спазнялася на сустрэчу з кліентамі, якім везла замову. Жанчына займаецца рукадзеллем, шые дэкаратыўныя лялькі. У вестыбюлі станцыі метро «Уручча» яна прыцягнула ўвагу супрацоўніка службы бяспекі Сяргея Карачэні, які папрасіў яе прайсці з рэчамі на надгляд. У пасажыркі ў руках было некалькі сумак.

Абвінавачаная (злева) і пацярпелы (справа) на першым шэрагу.

Абвінавачаная (злева) і пацярпелы (справа) на першым шэрагу.

«Яна казала, маўляў, кожны дзень тут ходзіць, ніхто яе не чапае, — расказаў пацярпелы. — Я размаўляў з ёй ветліва, раз 10 папрасіў прайсці на надгляд і ўтрымліваў я яе за ручкі сумкі. Яна пачала мяне «пасылаць», абражаць. Яшчэ сказала: «Вас, беларусаў, паставілі на калені, а нас, рускіх, не сагнуць». Гэта было вельмі непрыемна. Яна ўвесь час крычала: «Я жанчына». Але я адказваў, што яна ў гэтай сітуацыі пасажыр і павінна падпарадкоўвацца законным патрабаванням. Яшчэ яна казала, што баіцца мяне як мужчыну. Але мы ж не ў цёмным куце былі, а ў метро. Я быў у форме, на службе».

Абвінавачаная сцвярджае, што інспектар паводзіў сябе непрыстойна. На судзе яна ўвесь час падкрэслівала, што з'яўляецца жанчынай, творчай асобай, якая пацярпела за сваю эмацыйнасць. «Я творчая асоба, я адкрыта ўвайшла ў метро. Так, я не павінна была наносіць яму ўдары, але я жанчына. Са мной як? Я ўжо баюся ў метро заходзіць, баюся спяшацца, што мяне не зразумеюць, не працягнуць руку дапамогі. Мы нейкія чэрствыя сталі», — заявіла Ганчар.

Калегі Карачэні пацвярджаюць, што пасажырка паводзіла сябе агрэсіўна, абражала супрацоўнікаў метро, а таксама двойчы ўдарыла інспектара па твары і яшчэ тры разы — па руках.

Падчас працэсу падсудная не стала прасіць прабачэння ў інспектара, заявіўшы, што папрасіла ў яго прабачэння яшчэ 17 мая, калі яе даставілі ў пакой міліцыі.

Пра асобу Ганчар вядома, што яна ўраджэнка Расіі, жыве ў Жодзіне. Займаецца рамесніцтвам, адна выхоўвае 17-гадовую дачку. Раней да крымінальнай адказнасці не прыцягвалася.

Пракурор прасіў прыцягнуць абвінавачаную да двух гадоў пазбаўлення волі з выпрабавальным тэрмінам на той жа тэрмін, а таксама да 100 гадзін грамадска-карысных работ і штрафу ў 100 базавых велічынь. Пры выкананні гэтых умоў і здавальняльных паводзінах у калонію жанчына не паедзе.

Адвакат Валянціны Ганчар настойвала, што справядлівым пакараннем для яе падабароннай будзе штраф у 10 базавых велічынь без прыцягнення да крымінальнай адказнасці.

Суд у выніку прыгаварыў рамесніцу да аднаго года пазбаўлення волі з папраўчым тэрмінам таксама на год, у вольны ад працы час яна павінна выканаць 100 гадзін грамадска-карысных работ і на працягу паўгода заплаціць штраф у 50 базавых велічынь. Прысуд законную сілу не набыў і можа быць абскарджаны.

Пацярпелы Сяргей Карачэня працуе ў службе бяспекі метро другі год. Паводле слоў інспектара, ён штодня сутыкаецца з тым, што некаторыя пасажыры адмаўляюцца праходзіць надгляд, хаця гэтае патрабаванне з'яўляецца законным і абумоўленае арганізацыяй бяспекі. У правілах перавозкі прапісана, што пасажыр, які адмаўляецца прайсці надгляд, можа быць не дапушчаны на станцыю метро.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?