Міністэрства аховы здароўя Ірану забараніла іранскім студэнтам атрымоўваць адукацыю па мэдычных спэцыяльнасьцях у Беларусі ад 1 жніўня. Пра гэта піша іранскі бізнэс-штодзёньнік Financial Tribune.

«Пакуль ня будзе паведамлена пра іншае, міністэрства ня будзе акрэдытоўваць сэртыфікаты студэнтаў, якія працягнуць навучаньне ў Беларусі ад 1 жніўня,» — цытуе агенцтва ISNA намесьніка міністра адукацыі Ірану Хаміда Акбары.

«За апошні год вялікая колькасьць іранскіх студэнтаў накіравалася ў гэтую ўсходнеэўрапейскую краіну, каб працягнуць вышэйшую адукацыю па мэдычных спэцыяльнасьцях, але яны не змаглі паступіць ва ўнівэрсытэт, і іх будучыня пад сумневам», — зазначыў Акбары.

Каб паступіць у Менскі мэдычны ўнівэрсытэт, замежныя студэнты павінныя спачатку адвучыцца на платных падрыхтоўчых курсах пры ўнівэрсытэце. Пры гэтым квота для далейшага навучаньня замежных студэнтаў — 200 месцаў, і сотні іранцаў чакаюць магчымасьці вучыцца па ўнівэрсытэцкай праграме, піша Financial Tribune. Цяперашняя забарона ня будзе тычыцца тых, хто ўжо скончыў падрыхтоўчыя курсы.

Паводле выданьня, заклапочаныя бацькі штодня прыходзяць ў Міністэрства аховы здароўя Ірану і ў пасольства Беларусі ў Тэгеране. Financial Tribune піша, што цяпер у Беларусі навучаецца каля 1600 іранскіх студэнтаў, а каля 400 ўжо атрымалі дыплёмы па розных спэцыяльнасьцях.

Сёньня ж іранскія мэдыі паведамілі, што ў Беларусь накіруецца іранская дэлегацыя, каб паспрабаваць вырашыць праблему з навучаньнем маладых людзей, якія скончылі падрыхтоўчыя курсы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?