Амэрыканскія студэнты аднаўляюць закінутыя яўрэйскія могілкі ў вёсцы Рубяжэвічы Стаўбцоўскага раёна. Аб гэтым паведаміў БелаПАН дырэктар дэпартамэнта па міжнародных сувязях міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня «Валюнтас» доктар Франклін Шварц.

Паводле яго слоў, з 24 траўня да 4 чэрвеня ў Беларусі знаходзяцца 19 студэнтаў і выкладчыкаў рымска‑каталіцкага ўнівэрсытэту «Сіена каледж» (Олбані, штат Нью‑Ёрк, ЗША), які ажыцьцяўляе сваю дзейнасьць дзякуючы фінансавай падтрымцы ордэна францысканцаў. Разам зь імі знаходзіцца ініцыятар праекту доктар Майкл Лозман. Амэрыканцы аднаўляюць арыгінальную каменную агароджу яўрэйскіх могілак у Рубяжэвічах і плянуюць адрамантаваць жылы дом пачатку мінулага стагодзьдзя, што раней належаў яўрэйскай сям’і, каб пераўтварыць яго у музэй яўрэйскага побыту пачатку XX стагодзьдзя.

Як зазначыў Ф.Шварц, амэрыканскія студэнты і выкладчыкі з Олбані другі раз прыехалі ў Беларусь. Летам 2006 году яны аднаўлялі яўрэйскія могілкі ў вёсцы Ўсялюб Наваградзкага раёна Гарадзенскай вобласьці.

«Іх вельмі ўразіла гасьціннасьць беларусаў і дух супрацоўніцтва, таму чатыры студэнты вырашылі прыехаць яшчэ раз», — сказаў Ф.Шварц.

Паводле яго меркаваньня, праект па аднаўленьні закінутых яўрэйскіх могілак мае для амэрыканцаў «вельмі важнае значэньне, паколькі ён адлюстроўвае гістарычнае супрацоўніцтва паміж усімі этнасамі і рэлігійнымі супольнасьцямі, якія стагодзьдзямі жывуць на тэрыторыі Беларусі і захоўваюць у сваёй памяці трагічныя падзеі мінулага». Апрача таго, асабістыя кантакты паміж людзьмі «дапамагаюць пазбавіцца ад прадузятасьці і атрымаць праўдзівую інфармацыю аб Беларусі».

«Важнымі для студэнтаў і выкладчыкаў зьяўляюцца падтрымка і інтарэс, што праяўляюцца як мясцовымі жыхарамі, так і органамі ўлады», — зазначыў Ф.Шварц.

Марат Гаравы, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0