Валянцін Рабцэвіч

У Менску памёр вядомы доктар гістарычных навук, спецыяліст па нумізматыцы з міжнароднай вядомасцю Валянцін Рабцэвіч.

Як паведаміў БелаПАН загадчык кафедры археалогіі і спецдысцыплін БДУ Аляксандр Егарэйчанка, В.Рабцэвіч памёр непрытомны праз тры дні пасля складанай аперацыі па шунтаванні сасудаў ног. Пытанне аб грамадзянскай паніхідзе, даце і месцы пахавання вядомага вучонага будзе вырашана 29 мая ў другой палове дня.

Гісторык Валянцін Голубеў называе Рабцэвіча стваральнікам беларускай нумізматычнай навукі:

«Ён, па сутнасці на аснове ўласнай калекцыі манет, стварыў нумізматычны кабінет Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Ягоная кніга «Пра што расказваюць манеты» вытрымала некалькі выданняў і, па сутнасці, была падручнікам для студэнтаў гістарычных факультэтаў многіх універсітэтаў і многіх пакаленняў. Ягоныя лекцыі запаміналіся, бо яны былі вясёлыя, даходлівыя. Гэта быў вясёлы і шчыры чалавек. І вельмі цяжка чуць такую вестку...»

Кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў назваў В.Рабцэвіча адным з найлепшых спецыялістаў у галіне нумізматыкі і сфрагістыкі не толькі Беларусі, але і ўсяго рэгіёну Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Паводле яго слоў, даследаванні старажытных беларускіх манет, пячатак і гербаў, праведзеныя вучоным, "залатымі літарамі" ўпісаны ў энцыклапедыі і падручнікі айчыннай гісторыі і археалогіі.

"Гэта быў вельмі адкрыты і сумленны чалавек, які ўвесь час змагаўся супраць раскрадання скарбаў гісторыка-культурных каштоўнасцей, знойдзеных у беларускай зямлі. Менавіта дзякуючы яго намаганням на радзіме застаўся унікальны скарб з поясам Вітаўта, які дзялкі за бесцань збіраліся прадаць у Расію. Больш за 45 гадоў Валянцін Навумавіч выкладаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце і пакінуў пасля сябе вялікую колькасць вучняў. Вось чаму гэты выбітны чалавек і вучоны назаўсёды застанецца ў нашых думках і сэрцах", — сказаў А.Трусаў.

Вядомасць да Рабцэвіча прыйшла яшчэ ў савецкія часы. На пачатку 1990-х выйшла ягоная праца «Нумізматыка Беларусі». Апошнія гады В. Рабцэвіч прыклаў шмат намаганняў, кабя вярнуць Беларусі славуты Пояс Вітаўта.

Валянцін Рабцэвіч нарадзіўся 26 лістапада 1934 года ў вёсцы Краснае Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці. Закончыў БДУ (1957) і аспірантуру Дзяржаўнага Эрмітажа ў Ленінградзе (Расія, 1963). У 1957—1959 працаваў навуковым супрацоўнікам арганізацыйнай групы Дзяржаўнага музея БССР. З 1963 года — на гістарычным факультэце БДУ на пасадзе выкладчыка, дацэнта (1970); прафесар (1997). Аўтар чатырох манаграфій, больш за 70 навуковых і 300 энцыклапедычных артыкулаў. На аснове асабістай калекцыі В.Рабцэвіч стварыў нумізматычны кабінет БДУ.

Паводле БелаПАН і Эўрапейскага радыё для Беларусі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0