Жыхарам Брэста прапануюць 29 ліпеня абмяняць макулатуру і выкарыстаныя батарэйкі на садавіну, паведамілі ў Брэсцкім маладзёжным аб'яднанні «Час Зямлі».
Экалагічная акцыя «Клімат, застанься!» адбудзецца ў гарадскім парку культуры і адпачынку. На пляцоўцы каля Тэатра эстрады валанцёры наладзяць абмен макулатуры і непатрэбных акумулятараў на садавіну. Па ўстаноўленым курсе за 1 кг паперы ці тры батарэйкі брэстаўчане атрымаюць адзін яблык. Найбольш актыўных гараджан за здачу другаснай сыравіны заахвоцяць яшчэ вялікай колькасцю вітамінаў.
У гэты дзень будзе арганізаваная фотавыстава, удзельнікамі якой могуць стаць усе ахвотныя. Жыхарам абласнога цэнтра прапануюць падзяліцца здымкамі з прыродай Беларусі, відамі гарадоў, а таксама фатаграфіямі, прысвечанымі праблемам урбанізацыі і змены клімату.
Для маленькіх наведвальнікаў супрацоўнікі Брэсцкага смеццеперапрацоўчага завода правядуць навучальную гульню па сартаванні смецця. Прадстаўнікі Брэсцкага экалагічнага інфармацыйнага цэнтра падчас майстар-класа навучаць дзяцей маляваць на льняных торбах. Затым іх можна будзе выкарыстоўваць замест поліэтыленавых пакетаў.
Для гасцей экалагічнага свята валанцёры падрыхтавалі масу іншых сюрпрызаў. «Шмат што ў змене клімату залежыць ад нас саміх. Падчас акцыі мы хочам расказаць пра карысць другасных рэсурсаў, пра тое, што іх перапрацоўка эканоміць вялікую колькасць энергіі, вады», — падкрэслілі арганізатары мерапрыемства.
Акцыя «Клімат, застанься!» арганізаваная таварыствам «Зялёная сетка» і Брэсцкім моладзевым аб'яднаннем «Час Зямлі» пры продержке Брэсцкіх смеццеперапрацоўчага завода і экалагічнага інфацэнтра.