Дабрачынны флэшмоб Ice Bucket Challenge, удзельнікі якога абліваліся халоднай вадой і выкладвалі відэа гэтага ў сацсеткі, дапамог прафінансаваць важнае навуковае адкрыццё, заявіла Асацыяцыя бакавога аміятрафічнага склерозу.

AP

Навукоўцы адкрылі новы ген — NEK1, які мае дачыненне да ўзнікнення спадчыннай формы гэтага захворвання, вядомага таксама як хвароба Лу Герынга.

Флэшмоб Ice Bucket Challenge, які здабыў вірусную папулярнасць ў 2014 годзе, дапамог сабраць 115 млн даляраў, нягледзячы на крытыку, што на фоне масавай папулярнасці сувязь паміж самім абліваннем халоднай вадой і яго дабрачыннай мэтай была страчаная.

Сабраныя грошы пайшлі на шэсць навуковых даследаванняў.

Група навукоўцаў, якія называюць сябе Project MinE, правяла найбуйнейшае ў гісторыі даследаванне спадчыннага бакавога аміятрафічага склерозу і апублікавала яго вынікі ў часопісе Nature Genetics.

Больш за 80 даследчыкаў у 11 краінах займаліся пошукам генаў, звязаных з рызыкай гэтага захворвання.

Выяўленне гена NEK1 азначае, што цяпер навукоўцы могуць распрацаваць генную тэрапію для лячэння бакавога аміятрафічнага склерозу. Хоць на спадчынную форму прыпадае толькі 10% усіх выпадкаў гэтага захворвання, навукоўцы лічаць, што генетыка грае ролю ў значна большым працэнце выпадкаў.

Кампанія пачалася ў ліпені 2014 года. Удзельнікі флэш-мобу вылівалі на сябе вядро ледзяной вады, пасля чаго кожны з іх кідаў выклік любым тром людзям. Тыя, у сваю чаргу, на працягу 24 гадзін павінны былі паўтарыць працэдуру або зрабіць ахвяраванне на карысць фонду па вывучэнні захворвання.

Усяго ў фэйсбук было загружана больш за 17 млн відэа, у якіх людзі абліваюцца ледзяной вадой. У флэшмобе ўзялі ўдзел шматлікія знакамітасці, у тым ліку заснавальнік сацсеткі Марк Цукерберг.

У ЗША на хваробу Лу Герыга, або бакавы аміятрафічны склероз, пакутуюць каля 30 тысяч чалавек. Для параўнання, хвароба Альцгеймера дыягнаставаная ў больш чым за пяць мільёнаў чалавек.

У такіх умовах, як казалі ініцыятары флэшмоба, фармацэўтычным кампаніям проста нявыгадна займацца даследаваннямі захворвання. Верагодна, самым вядомым хворым на аміятрафічны склероз з'яўляецца брытанскі фізік Стывен Хокінг.

У большасці выпадкаў склероз пастаянна прагрэсіруе, цягліцавая слабасць паступова ахоплівае ўсе часткі цела.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?