Масква мае намер павялічыць інвэстыцыі ў жыльлёвае будаўніцтва Беларусі, паведаміў намесьнік міністра архітэктуры і будаўніцтва Анатоль Нічкасаў 28 траўня на пасяджэньні Савета дзелавога супрацоўніцтва Беларусі і Масквы.
Актыўна прапрацоўваецца пытаньне аб укладаньні фінансавых сродкаў маскоўскіх кампаній у будаўніцтва жыльля ў Горадні. У найбліжэйшы час аналягічныя прапановы паступяць гомельскаму кіраўніцтву.
У Менску рэалізуюцца праекты будаўніцтва масавага жыльля ў мікрараёнах Маскоўскі па праспэкце Дзяржынскага і Лебядзіны па праспэкце Пераможцаў.
Для будаўніцтва мікрараёну Маскоўскі жылой плошчай каля 114 тыс.кв.м будзе праведзены міжнародны конкурс па вызначэньні падрадчыка, таму што Масква выставіла ўмову прыцягнуць замежную рабочую сілу. У сувязі з гэтым Менгарвыканкам спэцыяльна зьняў плату за прыцягненьне замежных рабочых. Палавіна будаўнічай пляцоўкі ўжо вызвалена, аднак пакуль што няма поўнага камплекту праектнай дакумэнтацыі. Над ёй працуюць маскоўскія і беларускія спэцыялісты. Непасрэдна будаўніцтва першай чаргі мікрараёну пачнецца ў ліпені гэтага года.
Мікрараён Лебядзіны, дзе масквічы плянуюць пабудаваць 120 тыс.кв.м жыльля, знаходзіцца ў стадыі праектаваньня. Агульная канцэпцыя забудовы зацьверджана як беларускім, так і маскоўскім бакамі.