Прадстаўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі правялі 28 ліпеня ў цэнтры Мінска, непадалёк ад будынка МУС, пікет, на якім заклікалі супрацоўнікаў міліцыі перашкаджаць фальсіфікацыям выбараў.

Пікет праходзіў у форме збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты старшыні Мінскай гарадской арганізацыі Аб`яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова.

Акрамя АГП у правацэнтрысцкую кааліцыю ўваходзяць рух «За Свабоду» і аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».

Падчас пікета яго ўдзельнікі падпісалі зварот на імя міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча і перадалі яго ў прыёмную для грамадзян. У звароце адзначаецца, што ў сувязі з тым, што падчас выбарчай кампаніі назіральнікамі неаднаразова выяўляліся выпадкі фальсіфікацыі выбараў, маніпуляцыі галасамі выбаршчыкаў падчас падліку бюлетэняў, падчас датэрміновага галасавання і галасавання па месцы жыхарства, узнікаюць пытанні адносна дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі, якія ахоўваюць выбарчыя ўчасткі і скрыні для галасавання.

На думку аўтараў звароту, супрацоўнікі міліцыі не нацэленыя на папярэджанне і спыненне злачынстваў, прадугледжаных арт. 192 КК (парушэнне заканадаўства аб выбарах). Яны лічаць, гэта выклікана тым, што, заступаючы на дзяжурства, міліцыянер атрымлівае ўказанні, якія фактычна пераводзяць яго ў падпарадкаванне выбарчай камісіі, такім чынам робячы яго саўдзельнікам злачынства.

Аўтары звароту прапануюць міністру выдаць загад, у якім асобным пунктам будзе патрабаванне прыняць усе меры для спынення злачынстваў, прадугледжаных артыкулам 192 КК, а ў выпадку іх выяўлення — неадкладна распачынаць крымінальныя справы ў дачыненні да вінаватых асоб. Таксама яны патрабуюць правесці дбайнае расследаванне па ўсіх заявах аб фальсіфікацыі на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года.

«У Беларусі створаная сістэма фальсіфікацый на выбарах, і міліцыя з`яўляецца яе часткай, — заявіў журналістам старшыня АГП Анатоль Лябедзька. — Мы заклікаем супрацоўнікаў міліцыі не падманваць сябе, сваіх родных і знаёмых. Калі яны не будуць гэта рабіць, фальсіфікацыі з бюлетэнямі не будуць адбывацца. Не думаю, што мы дастукаемся сваім зваротам да Шуневіча, але, магчыма, шараговыя супрацоўнікі міліцыі звернуць на яго ўвагу».

Пікет доўжыўся прыблізна паўгадзіны. Пасля яго да ўдзельнікаў падышоў член Старавіленскай акруговай камісіі Андрэй Есьман. Ён заявіў, што пікетоўцы парушаюць заканадаўства. У прыватнасці ён лічыць, што яны знаходзіліся на адлегласці не 50 метраў, як гэтага патрабуе заканадаўства, а 45 метраў ад будынка МУС. Есьман сказаў, што пра парушэнне яму паведаміў па тэлефоне нейкі грамадзянін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?