Уральскі акруговы выязны ваенны суд прысудзіў афіцэра 201-й расійскай базы ў Таджыкістане Івана Шчарбакова да 12 гадоў турмы, прызнаўшы яго вінаватым у забойстве 22-гадовай жыхаркі Душанбэ Шаіры Джабіравай.

Афіцэр Іван Шчарбакоў асуджаны па частцы 1 артыкула 105 КК РФ (забойства). Расійскі вайсковец сваю віну цалкам прызнаў. Судовы працэс праходзіў на тэрыторыі расійскай вайсковай базы ў Душанбэ. У сувязі з характарам справы яна слухалася ў закрытым рэжыме без удзелу СМІ.

Забойства маладой жанчыны было здзейснена ў ноч на 5 лістапада мінулага года. Цела Шаіры Джабіравай са слядамі жорсткага збіцця знайшлі ў скрынцы на сметніку недалёка ад расійскай ваеннай базы.

Расследаваннем справы займалася група следчых з Таджыкістана і Расіі сумесна з камандаваннем 201-й ваеннай базы, дзе служыў Шчарбакоў.

Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, канфлікт паміж Іванам Шчарбаковым і Шаірай Джабіравай паўстаў з-за грошай. Загінулая працавала ў адным з начных клубаў Душанбэ і нярэдка аказвала кліентам установы інтымныя паслугі.

У ноч забойства жанчына разам з расійскім вайскоўцам прыехала ў размяшчэнне ваеннага гарадка. Пры праверцы дакументаў на КПП яна назвалася яго жонкай.

Па версіі следства, маладыя людзі пасварыліся: загінулая запатрабавала грошы загадзя, а ў Шчарбакова іх не аказалася. Пасля слоўнай сваркі адбылася бойка, падчас якой жанчына атрымала цяжкія цялесныя пашкоджанні.

Раней расійскага афіцэра абвінавачвалі таксама ў згвалтаванні загінулай. Але, як заключыла судмедэкспертыза, паміж Шчарбаковым і Джабіравай у ноч забойства не было інтымнай сувязі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?