Кандыдаты на пасаду прэзідэнта ЗША ад Дэмакратычнай і Рэспубліканскай партыі Хілары Клінтан і Дональд Трамп могуць атрымаць сакрэтныя зводкі пра стан нацыянальнай бяспекі, піша latimes.com

«Мы зробім брыфінгі для абодвух кандыдатаў, калі яны гэтага хочуць», — паведаміў дырэктар Нацыянальнай разведкі ЗША Джэймс Клэпер у чацвер.

Кандыдаты ў прэзідэнты цяпер маюць доступ да сакрэтнай інфармацыі, бо атрымалі намінацыі ад галоўных партый краіны.

Аднак прадстаўнікі дэмакратаў і рэспубліканцаў рабілі ў гэтым годзе заявы, згодна з якімі кандыдат ад канкурэнтаў недастаткова надзейны чалавек, каб давяраць яму/ёй сакрэты нацыянальнай бяспекі.

Гэтак рэспубліканцы звярталі ўвагу, што Клінтан парушала правілы бяспекі ў перыяд службы на пасадзе дзяржаўнага сакратара ЗША. Расследванне ФБР сапраўды паказала, што Клінтан «вельмі безадказна» трымала сакрэтную інфармацыю на сваём прыватным серверы.

«Чаму Хілары Клінтан атрымлівае брыфінг па нацыянальнай бяспецы?.. Я думаю, гэта небяспечна ў святле таго, што адбылося», - заявіў Трамп падчас прэс-канферэнцыі ў Фларыдзе 

У той жа час дэмакраты заклікалі не давяраць сакрэты Дональду Трампу, папракаючы яго за рызыкоўныя выказванні ў сферы знешняй палітыкі і абароны.

«Калі вам прыдзецца брыфінгаваць яго, нічога не кажыце яму. Падманіце, таму што гэты чалавек небяспечны», - сказаў лідар фракцыі дэмакратаў у Сенаце ЗША Гары Рэйд.

Аднак прадстаўнікі разведкі ЗША запэўніваюць, што кандыдаты ў прэзідэнты ніколі не атрымліваюць звышсакрэтнай інфармацыі. У асноўным ім прадастаўляюць аналітычныя дадзеныя пра падзеі ў свеце і лідараў іншых краін.

«Гэта частка нашага жыцця ў ЗША, і, будзем спадзявацца, усё ўрэшце скончыцца добра», - заключыў дырэктар Нацыянальнай разведкі ЗША.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?