Былы палітвязень з Гомеля Юры Рубцоў ў снежні 2015 года змяніў беларускую калонію на нямецкі лагер. Не здолеўшы знайсці працу ў сваёй краіне і адчуваючы пастаянны прэсінг з боку ўлады, Юры Рубцоў папрасіў палітычнага прытулку ў Нямеччыне. «Беларускі партызан» даведаўся, як сёння жыве актывіст, што самае складанае ў эміграцыі і ці збіраецца Рубцоў вярнуцца калі-небудзь дадому.

Юры Рубцоў: Я рады, што падняў на смех беларускую ўладу

Праз некалькі месяцаў пасля вызвалення з беларускай калоніі былы палітычны вязень Юры Рубцоў разам з жонкай Ядвігай пераехаў у Нямеччыну. Першы час ім прыйшлося пражываць у лагеры для ўцекачоў, жыць у намёце. Пазней ім далі асобны пакой у Нюрнбергу, дзе Юры Рубцоў жыве з жонкай у чаканні рашэння па прадастаўленні статусу ўцекача.

— Раскажыце пра сваё жыццё сёння. З якімі цяжкасцямі сутыкаецеся? Як наогул адчуваеце сябе ў Германіі? Усё ж такі іншая краіна, іншая культура, іншая мова.

— Жыццё сёння ў мяне з жонкай даволі аднастайнае. Цяжкасці, вядома, ёсць, і ў асноўным яны звязаны з няведаннем нямецкай мовы. Нягледзячы на тое, што мы ходзім на курсы, зразумець логіку нямецкай мовы вельмі складана. Складана адрозніваць 200 дзеясловаў, якія пры спражэнні мяняюць каранёвую аснову. Складана прывыкнуць да таго, што дзеяслоў павінен быць на другім месцы, а калі ў сказе два дзеяслова, то другі павінен быць на апошнім месцы. Для мяне гэта асабліва цяжка з-за адсутнасці музычнага слыху. Тым не менш з большага пачынаю разумець на слых, а чытаючы, разумею ўжо вельмі шмат, але размаўляць пакуль не магу, акрамя як асобнымі словамі.

— Чаму для эміграцыі выбралі менавіта Германію?

— Мне вельмі хацелася паглядзець побыт грамадзян Германіі, паглядзець, як тут працуюць.

Акрамя гэтага, мне вядома аб будаўніцтве Астравецкай АЭС. Адсутнасць мэтазгоднасці будаўніцтва АЭС для мяне, які ўбачыў зялёную энергетыку ў Германіі, больш чым відавочна.

Я жыў у Гомелі, можна сказаць, браў удзел у эвакуацыі чарнобыльцаў, і выдатна разумею, што ніхто не прымусіць Лукашэнку адмовіцца ад будаўніцтва АЭС. Пасля апошняга НЗ на АЭС, якая будуецца, у мяне нават мільганула думка, што расійскае кіраўніцтва наўмысна будуе Астравецкую АЭС, збіраючыся яе выкарыстоўваць у якасці шантажу Еўропы. Лукашэнка не можа супрацьстаяць ціску з боку кіраўніцтва Расеі.

— Якія планы на будучыню? Працу шукаеце?

— Наконт працы ў Нямеччыне я высветліў наступнае: пакуль я не прабуду тут 15 месяцаў, працы ў мяне не будзе. Вельмі моцным ударам для мяне стаў той факт, што маё беларускае пасведчанне кіроўцы тут несапраўднае, прыйдзецца праходзіць курс навучання і здаваць на правы, калі мне гэта дазволіць пэўная служба.

— Ці сустракалі беларусаў у Германіі?

— Так, ёсць тут ўцекачы і з Беларусі. Людзі розныя, з'язджаюць з Беларусі па розных прычынах, і ні адзін з іх не жадае вяртацца. На жаль, шанцаў застацца тут і ў мяне не так ужо і шмат.

— Вы эмігравалі разам з жонкай. А як даўно бачыліся з сынам і ўнукам?

— Сын літаральна на днях з'ехаў ад нас. Прыязджаў да мяне на дзень нараджэння. Унукаў бачу толькі на відэароліках, якія дасылае мне сын. Разрыў з унукамі пераношу цяжка. Але застаўшыся ў Беларусі, я б не меў ніякай гарантыі, што мяне не разлучаць з сям'ёй проста праз турму. Звярніце ўвагу на сітуацыю з Кастусём Жукоўскім (незалежны журналіст з Гомеля — рэд.). Пратаколы складаюцца праз некалькі дзён пасля затрымання. Пішуць відавочную хлусню. Бо гэта вельмі лёгка зразумець. Хіба знойдзецца ў Беларусі чалавек, які, знаходзячыся ў аддзяленні міліцыі, пачаў бы бойку з трыма супрацоўнікамі міліцыі? Аднак менавіта ў гэтым прызналі вінаватым Кастуся Жукоўскага, і так званы суд прызнаў яго вінаватым у гэтым парушэнні.

У апошнія месяцы майго знаходжання ў Беларусі мне негалосна робяць больш жорсткімі ўмовы прафілактычнага нагляду, не даючы ніякіх пісьмовых патрабаванняў.

Так, я памыліўся, людзей пасля выбараў не сталі арыштоўваць і саджаць у турмы. Улада знайшла лепшае для сябе выйсьце — штрафы. Я ўпэўнены, што на працу ў Гомелі я не змог бы ўладкавацца, а з чаго мне плаціць штрафы?

Акрамя гэтага, мая жонка адкрыта мне сказала, што невыносна жыць, кожны дзень чакаючы арышту, і потым шукаць, дзе я знаходжуся. І я разумею і сваю жонку, і сына, які некалькі разоў бачыў сачэнне за мной.

— Вашы акцыі ў Беларусі былі смелымі і задзірлівымі. Але праз гэта вам давялося эміграваць, а рэжым так і не паў. Па сканчэнні часу не шкадуеце пра гэта?

— Не і яшчэ раз не. Я не заклікаў, не заклікаю і не буду заклікаць да сілавога звяржэння гэтай злачыннай улады. Я казаў, кажу і буду казаць, што рэчы трэба называць сваімі імёнамі, казаць проста тое, што лічыш патрэбным.

Людзі не рушылі ўслед за маім прыкладам, не надзелі такія майкі (з надпісам «Лукашэнка — сыходзь» — рэд.). Што тут можна зрабіць, крыўдзіцца на людзей? Ні ў якім разе. Кожны чалавек хоча шчаслівага жыцця, падладжваецца пад цяперашнія абставіны. Адзін баіцца страціць працу, іншы баіцца збіцця з боку супрацоўнікаў сілавых структур, хтосьці чакае сваёй чаргі на кватэру. Прычын шмат, а калі шукаць гэтыя прычыны, то яны шматкроць павялічваюцца, а таму крыўдзіцца на людзей за гэта ніяк нельга.

Больш за тое, я рады, што змог падняць на смех гэтую ўладу праз суды. Падумаць толькі, мне прысудзілі два гады калоніі за тое, што я не падпісаў працоўны дагавор. Хіба гэта не смешна?

— Ці думаеце аб вяртанні ў Беларусь у агляднай будучыні? Пры якіх умовах вы можаце вярнуцца?

— Пакуль ва ўладзе Лукашэнка, ходу мне назад няма.

— Калі вы з'ехалі, то заяўлялі пра тое, што не збіраецеся адмаўляцца ад палітычнай барацьбы. Як вы лічыце, наколькі эфектыўна спрабаваць змяняць сітуацыю ў Беларусі з-за мяжы?

— Ёсць у мяне задумкі, казаць пра іх пакуль рана, але ўпэўнены ў адным - змагацца трэба, пры гэтым імкнучыся абыходзіцца без чалавечых ахвяр. Менавіта для гэтага і створана палітыка. Вядома, мала хто можа гэта ўсвядоміць, знайсці шляхі вырашэння пытанняў без вываду людзей на плошчу, але гэта трэба рабіць.

Першым крокам рэальнай барацьбы з рэжымам павінна стаць патрабаванне да міжнародных назіральнікаў за выбарамі, каб яны не прысутнічалі на беларускім спектаклі пад назвай «Выбары». Я задумаў здзейсніць веласіпедны прабег з Нюрнберга ў Варшаву, з галадоўкай, патрабуючы ад міжнародных назіральнікаў адмовіцца ад назірання за спектаклем. Але паколькі ў мяне няма ніякага статусу, мне забаронена пакідаць 100-кіламетровую зону Нюрнберга. І таму ў мяне тут нічога не атрымалася. Хацелася б спадзявацца на тое, што мяне пачуюць і змогуць пераканаць міжнародную супольнасць не ехаць на прагляд спектакля «Выбары». І гэтага прагляду не павінна быць да таго часу, пакуль не будзе зменена выбарчае заканадаўства ў бок адкрытасці падліку галасоў.

— Як бачыцца сённяшняя сітуацыя ў Беларусі здалёку?

— Сённяшнюю сітуацыю ў Беларусі, і палітычную, і эканамічную, ацэньваю вельмі негатыўна. Але самае страшнае ў тым, што гэтая сітуацыя будзе пагаршацца. Гэтаму ёсць аб'ектыўныя прычыны. Эканамічныя рэформы сёння неабходныя кроў з носа. Але ісці на рэформы для Лукашэнкі азначае страціць уладу. Але колькі б грошай Лукашэнка сёння ні далі б, эфект ад гэтага будзе практычна нулявы. Толькі рынак здольны палепшыць эканоміку краіны. І як бы хто ні хацеў, народ будзе прыстасоўвацца да горшай эканамічнай сітуацыі. Магчымыя асобныя акцыі пратэсту, якія будуць замоўчвацца уладай альбо жорстка падаўляцца аж да расстрэлу людзей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?