«Белгазпрамбанк» падчас эксперыменту інкасаваў невялікую суму наяўных сродкаў з дапамогай дрона. За эксперыментам назіралі кіруючыя супрацоўнікі камерцыйнага банка, Нацбанка, а таксама запрошаныя журналісты.

Фота onliner.by. Больш фота тут >>>

На вачах у прысутных беспілотнік забраў невялікую суму грошай каля галаўнога офіса «Белгазпрамбанка» і даставіў яе па паветры на тэрыторыю партнёра банка (аўтамабільнага дома «Энергія ГмбХ»). Пасля гэтага дрон інкасаваў невялікую суму грашовых сродкаў у аўтадылера і таксама даставіў яе ў банк.

Адлегласць, якую пераадолеў па паветры беспілотнік у абодва бакі, склала каля 7 кіламетраў, час палёту ў адзін бок — каля 10 хвілін.

На прэс-канферэнцыі, якая адбылася пасля эксперыменту, кіраўнік «Белгазпрамбанка» Віктар Бабарыка адзначыў, што лічыць тэхналогію інкасацыі грашовых сродкаў з дапамогай дронаў перспектыўнай.

«На інкасатарскую машыну коштам 100 тыс. долараў можна купіць 20 дронаў», — падкрэсліў Бабарыка. Ён таксама ўдакладніў, што новая тэхналогія дазваляе зэканоміць на працавыдатках пры інкасацыі грашовых сродкаў традыцыйным спосабам з выкарыстаннем інкасатарскіх машын (на аплату працы ахоўнікаў і кіроўцаўі г.д.).

Кіраўнік «Белгазпрамбанка» адзначыў, што пачаць камерцыйнае выкарыстанне новай тэхналогіі банку не дазваляюць прабелы ў заканадаўстве.

«Што нас спыняе сёння ў гэтым кірунку — адсутнасць прававога поля. Калі прабелы ў заканадаўстве будуць ліквідаваныя, пачнецца бурнае выкарыстанне дронаў з камерцыйнымі мэтамі. Пазіцыя прадстаўнікоў Нацбанка па гэтым пытанні нас цешыць — яны кажуць: чаму не, гэта цікава», — адзначыў Віктар Бабарыка.

У перспектыве, дадаў ён, сфера выкарыстання беспілотных лятальных прылад можа быць пашыраная. «Усё, што звязана з перамяшчэннем каштоўнасцяў, можна такім чынам аўтаматызаваць», — рэзюмаваў кіраўнік «Белгазпрамбанка».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?