Кацярына Пашук хавала твар ад камер.

Кацярына Пашук хавала твар ад камер.

Кацярына Пашук, 25-гадовая маці памерлай дзяўчынкі, папрасіла, каб паседжанне было закрытым, бо «маюць месца быць інтымныя падрабязнасці яе жыцця». Суд яе хадайніцтва адхіліў.

На пачатку паседжання жанчына сядзела нахіліўшы галаву, каб валасы хавалі твар. Прыкладала да вачэй ці то сурвэтку, ці то хустку. Але на пытанні пракурора жанчына адказвала ўпэўнена.

Па версіі следства, сабакам Кацярына не займалася: рэгулярна забывалася карміць жывёлу, не дрэсіравала яе, збівала. Да таго ж, раней Айда — так завуць сабаку — ужо праяўляла агрэсію ў бок дзіцяці.

У той злашчасны дзень згаладалая жывёла, па словах пракурора, «кіравалася інстынктамі», кінуўшыся на дзіця.

Лёс самой Кацярыны не назавеш асабліва шчаслівым. Яе маці загінула, ад 13 гадоў Кацярына жыла з бабуляй. Скончыла школу, адвучылася ў ліцэі, у 2010 годзе выйшла замуж. Праўда, папрацаваць Кацярына не паспела — адзін дэкрэтны адпачынак ішоў за другім.

Першай у Кацярыны нарадзілася дзяўчынка. Праўда, сямейнае жыццё не задалося і жанчына з дачкой вярнулася да бабулі-пенсіянеркі.

Але ў 2015 Кацярына зноў выйшла замуж, нарадзіла дзвюх дачок. Апошняй — Ангеліну, з якой і здарылася пасля бяда.

Праўда, і гэты шлюб не быў шчаслівым. Па словах жанчыны, даволі хутка яе муж знайшоў сабе новую жанчыну. Кацярына зноў вярнулася да бабулі, цяпер ужо з трыма дзецьмі. З мужам, праўда, так і не развялася.

Кажа, жыла на аліменты ад першага мужа, дапамогу на дзяцей. Таксама здавала кватэру, уласнікам якой яна была разам са стрыечным братам. Агулам, сцвярджае жанчына, выходзіла 13—15 мільёнаў на месяц.

Але жыць у бабулі было цесна. Праз пару месяцаў Кацярына з’ехала, зняла сабе аднапакаёўку ў Жодзіне, бо «там кватэры таннейшыя». Пераехала з дзецьмі туды. Праўда, старэйшую дачку пакінула ў бабулі, «бо яна ўжо хадзіла ў дзіцячы садок, вырашылі не пераводзіць».

У Жодзіне Кацярына пражыла менш за два месяцы. У снежні яна зноў вярнулася да бабулі. Па словах самой жанчыны, было цяжка адной з дзецьмі ў чужым горадзе.

У лютым 2016 года Кацярына зняла кватэру ў Мінску і ў чарговы раз пераехала. Зноў узяла з сабой толькі дзвюх малодшых дачок — старэйшая працягвала жыць у бабулі Кацярыны, хадзіць у садок.

Неўзабаве Кацярына вырашыла завесці сабаку. Кажа, знайшла суполку Укантакце, дзе прадавалі хаскі, з’ездзіла да гаспадароў, паглядзела шчанят. Ім было менш за тры месяцы — нарадзіліся ў снежні 2015 года. Адзін такі сабака каштаваў 350 долараў.

Сума немалая, таму дамовіліся пра выплату ў растэрміноўку. Цалкам разлічыцца за сабаку, якога назвалі Айдай, Кацярына планавала цягам чатырох месяцаў.

Раней у Кацярыны ўжо быў сабака, таксама хаскі. Яго жанчына набывала ў падарунак другому мужу. Праўда, той сабака праз пару месяцаў збег, калі хтосьці з гасцей не зачыніў за сабой дзверы.

Па словах Кацярыны, сярэдняя дачка гулялася з Айдай, праблем асабліва не было.

Да малодшай дачкі, сцвярджае жанчына, яна сама жывёлу не падпускала. Але, прызнае Кацярына, якраз у сакавіку ў хаскі пачалі рэзацца зубы — Айда грызла ўсё.

Праўда, па словах Кацярыны, асаблівай агрэсіі ад Айды ніколі не сыходзіла. Сярэдняя дачка неяк паскардзілася, што сабака ўкусіў яе. Але, кажа Кацярына, гэта было падчас гульні, дый дзяўчынка нават не плакала.

Што тычыцца кармлення Айды — жанчына запэўнівае, што сабаку карміла пастаянна. Галоднай жывёла не была. Сачыла, па яе словах, і за дзецьмі.

Праўда, цягам некалькіх месяцаў Кацярына не магла даехаць да Жодзіна, каб забраць медыцынскія карткі дзяцей і перавесці іх у мінскую паліклініку. Сама жанчына кажа, што не мела часу, бо не было з кім пакінуць дзяцей. Але ў канцы лютага Кацярына разам з сяброўкай паляцела адпачываць у Турцыю на тыдзень. Старэйшую дачку пакінула з бабуляй, малодшых — з іх бацькам. Па словах жанчыны, яе запрасіла сяброўка, адпачывала Кацярына не за свой кошт.

24 сакавіка Кацярына папрасіла сваю сяброўку, з якой была ў Турцыі, пад’ехаць прыглядзець за дзецьмі. Сама яна хацела сустрэцца са знаёмым.

«Затым мы паехалі гуляць з Амарам. Паехалі на кватэру яго сяброў. Былі там удваіх. Дадому я прыехала каля паловы на дванаццатую», — расказала Кацярына.

Па яе словах, з Амарам яна выпіла келіх шампанскага. Рэшту прывезла дахаты, дапілі з сяброўкай. Потым праз таксістаў набылі яшчэ дзве бутэлькі. Праўда, грошай заплаціць за алкаголь не было — Кацярына аддала ў залог свой пашпарт, паабяцала, што разлічыцца праз пару дзён, 28 сакавіка. Але на пытанне пракурора, а ці былі прадукты ў хаце, жанчына адказала, што ежы хапала і ёй, і дзецям, і сабаку. Усіх яна пакарміла яшчэ да свайго ад’езду да Амара.

Каля другой гадзіны ночы сяброўка з’ехала. Тады Кацярына сазванілася з іншым знаёмым — Абдулам. З ім пазнаёмілася на сайце знаёмстваў. Мужчына заехаў да яе. Прывёз шампанскага. Сядзелі да 8-й гадзіны раніцы, затым Абдул з’ехаў. Раніцай, кажа Кацярына, яна пакарміла дзяцей, сабаку, потым лягла падрамаць.

Увечары 25 сакавіка Кацярыне пазваніла яшчэ адна сяброўка. Затым сяброўка прыехала, прывезла тры літры піва. Неўзабаве прыехаў і агульны знаёмы жанчын — Паша. Каля 2-й ночы Кацярына пайшла спаць. Госці ўжо раз’ехаліся.

На наступны дзень Кацярына з дзецьмі павезла сярэднюю дачку да свайго другога мужа — той захацеў узяць дзяўчынку да сябе. З малодшым дзіцём яна паехала ў госці да знаёмых. Дзяўчынку карміла і пераапранала ў знаёмых. Па словах Кацярыны, у яе сяброўкі таксама дзіця, таму былі і памперсы, і дзіцячае харчаванне.

Увечары дзяцей паклалі спаць. Дадому Кацярына не паехала. Уначы дарослыя распілі дзве бутэлькі гарэлкі.

Раніцай 27 сакавіка Кацярына прачнулася, пакарміла дачку. Неўзабаве сужыцель яе сяброўкі прынёс яшчэ гарэлкі. Жанчына прызнаецца, што прачнулася яшчэ трохі нападпітку, а потым выпіла яшчэ трохі.

Апоўдні Кацярына стэлефанавалася са сваёй «турэцкай» сяброўкай. Тая забрала яе, адвезла дахаты. Там, па словах Кацярыны, яна пакарміла сабаку, выйшла з жывёлай і дзецьмі прайсціся па вуліцы.

Сабака насіўся, не слухаўся камандаў. Жанчына сцвярджае, што Айда перастала слухацца пасля таго, як правяла тыдзень у знаёмых, пакуль сама Кацярына была ў Турцыі.

«Я не разумела, што адбываецца. У шоку пайшла на кухню і зрабіла тры глыткі піва»

Жанчына распавядае пра тыя хвіліны, калі яна зразумела, што адбылася трагедыя.

Кацярына з дзецьмі прыйшла дахаты, заснула.

Прачнулася ад холаду — балкон быў адкрыты.

«Свет не гарэў. Дачка была ў нагах. Я паднесла яе да сябе… І зразумела… — праз слёзы ўзгадвае Кацярына. — Я адчула халоднае цела. Ні рукі, ні ногі не варушыліся».

Жанчына запаліла святло. Увесь ложак быў у крыві. У дачкі, якую Кацярына прыціскала да сябе, не было рукі.

Жанчына выклікала хуткую дапамогу. Дактарам сказала, што сабака пагрыз дзіця.

«Я не разумела, што адбываецца. У шоку пайшла на кухню і зрабіла тры глыткі піва», — распавядае жанчына.

Сабака ў гэты час бегаў па пакоі. На лапе была кроў.

«Дакладна сабаку я не аглядала, — кажа Кацярына. — У мяне быў шок».

Праз 5-7 хвілін прыехала хуткая дапамога, за ёй — міліцыя.

Кацярыну затрымалі, адвезлі ў РАУС Фрунзенскага раёна. Высветлілася, што ў жанчыны 1,86 праміле алкаголю ў крыві.

Ад таго дня Кацярына знаходзілася пад вартай.

«Я вінаватая ў тым, што адбылося. Што не абараніла дзіця ад сабакі», — кажа Кацярына.

Кацярына сцвярджае, што заўважала, як змяніліся паводзіны сабакі, як ён стаў больш агрэсіўны. Жанчына кажа, што яшчэ да трагедыі дала ў інтэрнэце аб’яву аб продажы сабакі.

— У вас ёсць планы на будучыню? — спытала жанчына-пракурор у Кацярыны.

— Забраць дзяцей. Не завадзіць жывёлу. Жыць спакойным жыццём, — адказала тая.

— А высновы вы зрабілі нейкія?

— Я не ўмею даглядаць жывёлу.

— Не ўмееце даглядаць жывёлу?

— Так.

Пасля размовы з адвакатам і суддзёй высветлілася, што Кацярына не надта даглядала і дзяцей.

Напрыклад, у тую ноч, калі яе наведваў Абдул, яны разам ездзілі на бліжэйшую запраўку «па дагонку». Дзеці ў гэты час спалі дома адны. Праўда, Кацярына сцвярджае, што яе не было дома максімум 30 хвілін, а сабаку на гэты час яна закрывала ў калідоры.

Былы муж жанчыны: «Праблемы з алкаголем пачаліся ў Кацярыны даўно»

Пацярпелым па справе праходзіць другі, ужо былы муж Кацярыны Ігар. Пакуль жанчына была пад вартай, яны развяліся. Мужчына працуе рабочым на «Амкадоры».

Па яго словах, праблемы з алкаголем пачаліся ў Кацярыны даўно, яшчэ да таго, як тая зацяжарыла ў трэці раз.

Мужчына сцвярджае, што яго былая жонка дазваляла сабе выпіць піва нават падчас цяжарнасці.

Ангеліна, якая загінула ад сабакі, нарадзілася неданошанай, ёй было 7 месяцаў. Спачатку дзяўчынка не магла сама дыхаць. Ігар сцвярджае, што жанчына літаральна за дзень да родаў крыху выпівала.

Менавіта любоў Кацярыны да алкаголю і стала прычынай, па якой яны раз'ехаліся, кажа мужчына. Сам ён пасля гэтага адносіны з дзецьмі стараўся падтрымліваць. Але забіраў некалькі разоў на месяц толькі сярэднюю дачку. Па яго словах, з тае прычыны, што не меў дзіцячага ложку для малодшай.

Таксама былы муж Кацярыны не змог патлумачыць, чаму ён, хоць і ведаў пра праблемы Кацярыны з алкаголем, ні разу не заехаў у Жодзіна паглядзець, як жывуць яго дзеці. І ўвогуле, не асабліва цікавіўся, як дочкі жывуць на здымных кватэрах.

Па словах бабулі, 77-гадовай Антаніны Канстанцінаўны, раней яе ўнучка ўвогуле не піла. А ў другім шлюбе сапраўды пачала «паддаваць». Вось толькі не адна, а разам з мужам, сцвярджае жанчына.

— Як вы лічыце, трэба пакараць абвінавачаную? Строга? Не строга? — пацікавілася пракурор у мужчыны.

— Я нават не ведаю… — адказаў той пасля паўзы. – Хай суд вырашае.

***

Нагадаем, няшчасце здарылася 27 сакавіка. Тады ў сталічным мікрараёне Сухарава памерла 8-месячная дзяўчынка. Медыкі, якія прыбылі на месца выкліку, знайшлі ў доме труп немаўляці без рукі, п'яную маці і шчаня хаскі. Расследаванне высветліла, што дзіця памерла ў выніку траўматычнай ампутацыі. 

«Згодна з заключэннем медыка-крыміналістычнай экспертызы, на руцэ дзіцяці былі рваныя раны ад зубоў сабакі, які знаходзіўся на момант здарэння ў кватэры», — заявілі следчыя.

Падчас расследавання высветлена, што на момант смерці дзіця не кармілі каля сутак, належнага догляду сабакі не было. На працягу некалькіх дзён маці ўжывала спіртное. Калі здарылася бяда, жанчына была п'яная.

Кацярыне Пашук, маці загінулай дзяўчынкі, прад'яўленае абвінавачванне па ч.3 арт.159 (свядомае пакіданне ў небяспецы, здзейсненае асобай, якая сама па неасцярожнасці паставіла пацярпелага ў небяспечны для жыцця стан) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Віну ў здзейсненым злачынстве жанчына прызнала цалкам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?