Савет экспарцёраў будзе створаны пры Міністэрстве замежных спраў Беларусі, паведамілі ў Дэпартаменце знешнеэканамічнай дзейнасці міністэрства.

Гэта прадугледжана Нацыянальнай праграмай падтрымкі і развіцця экспарту на 2016-2020 гады.

Плануецца, што ў склад савета ўвойдуць прадстаўнікі арганізацый-экспарцёраў і аб'яднанняў прадпрымальнікаў. «Савет ствараецца для выпрацоўкі канцэптуальных рашэнняў для падтрымкі нашых экспарцёраў і выяўлення канкрэтных праблемных пытанняў, што ўзнікаюць у прадпрыемстваў пры ажыццяўленні экспарту, — растлумачылі ў дэпартаменце. — Такім чынам будзе прадоўжана адрасная дапамога беларускім экспарцёрам па розных напрамках».

У ходзе рэалізацыі праграмы таксама будзе праведзена рэвізія нацыянальнага заканадаўства ў галіне падтрымкі і развіцця экспарту. «Плануецца перагляд нарматыўных прававых актаў на прадмет іх адаптацыі да бягучых эканамічных умоў», - дадалі ў дэпартаменце.

Значную ўвагу плануецца ўдзяліць павышэнню эфектыўнасці работы знешнеэканамічных і маркетынгавых службаў арганізацый-экспарцёраў. «У якасці аднаго з важных інструментаў будзе выкарыстоўвацца партал інфармацыйнай падтрымкі экспарту www.export.by», — падкрэслілі ў МЗС. Беларускім экспарцёрам таксама трэба будзе правесці работу па мадэрнізацыі сваіх сайтаў і іх мультымоўных версій з падрыхтоўкай камерцыйных прапаноў, адаптаваных пад рэгіянальныя рынкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?