Цырымонія адкрыцця XXXI Летніх Алімпійскіх гульняў пройдзе 5 жніўня ўначы па беларускім часе. Цырымонія будзе праходзіць на стадыёне «Маракана» ў Рыа-дэ-Жанэйра. Ужо на наступны дзень будуць разыграныя першыя алімпійскія медалі.
Усяго на гульнях уладальнікаў знойдуць 306 камплектаў медалёў у 28 відах спорту. Беларусь будуць прадстаўляць 123 спартсмены – гэта рэкордна мала для нашай краіны.
Не выступяць на Алімпіядзе нашы весляры на байдарках і каноэ. Мужчынскую зборную дыскваліфікавалі не па самых ясных прычынах, бо ў кагосьці з трэнераў знайшлі забаронены мельдоній. На весляроў былі асаблівыя надзеі.
Усе сыходзяцца ў меркаванні, што будзе проста выдатна, калі Беларусь заваюе ў Рыа хаця б 10 медалёў. Пра 25 ніхто сёлета нават не гаворыць.
«Наша Ніва» сабрала спіс тых, на каго робяцца галоўныя стаўкі Беларусі на Алімпіядзе.