У 2010 годзе пачнуцца падрыхтоўчыя работы па будаўніцтве першай чаргі трэцяй лініі Мінскага метрапалітэна. Пра гэта паведаміў 30 мая на прэс‑канферэнцыі начальнік КУП «Дырэкцыя па будаўніцтве Мінскага метрапалітэна» Васіль Жыбуль.

Паводле яго слоў, першая чарга трэцяй лініі метрапалітэна будзе складацца з шасці станцый агульнай працягласцю 7,7 км. Яна ўключыць:

станцыі «Лошыцкую» насупраць бальніцы хуткай дапамогі, «Аэрадромную» або «Мінск‑сіці» каля цяперашняга аэрапорта «Мінск‑1», «Жукоўскую» на скрыжаванні вуліц Жукоўскага і Варанянскага, «Вакзальную» насупраць Цэнтральнага вакзала, «Клары Цэткін» і «Юбілейную» на аднайменных вуліцах.

На гэтым участку прадугледжаны два перасадачныя вузлы: на станцыі «Вакзальная» са станцыяй «Плошча Леніна» і на станцыі «Юбілейная» са станцыяй «Фрунзенская». Кошт будаўніцтва першай чаргі складзе 1,3 трлн. рублёў. Яе ўвод у эксплуатацыю запланаваны ў 2017 годзе.

В.Жыбуль паведаміў, што рашэнне аб пачатку будаўніцтва першай чаргі прынята з улікам планаў забудовы сталічнага раёна «Мінск‑сіці» каля цяперашняга аэрапорта «Мінск‑1». Адначасовае будаўніцтва новага раёна і станцый метрапалітэна дазволіць прывесці ў адпаведнасць усе горадабудаўнічыя рашэнні гэтага комплексу, лічыць спецыяліст. Акрамя таго, паводле яго слоў, новы ўчастак метро з двума перасадачнымі вузламі разгрузіць станцыі «Кастрычніцкая» і «Купалаўская».

Паводле слоў В.Жыбуля, згодна з генеральным планам будаўніцтва Мінска сталічны метрапалітэн будзе складацца з 58 станцый на чатырох лініях агульнай працягласцю 77 км. Да 2025 года павінна быць пабудавана каля 50 станцый на трох лініях.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0