За першае паўгоддзе 2016 штатныя эксперты ацанілі 49 альбомаў. Упершыню ў гісторыі партала experty.by да разгляду прымаліся у тым ліку дыскі, выкладзеныя ў сацыяльных сетках без анонсаў у СМІ. Прапануем вашай увазе выніковы топ-10 і асабістыя топ-5 кожнага эксперта c каментарамі.

Топ-10 штатных экспертаў:

  1. Пятля прыхільнасці «Мода і аблокі» — 8,75
  2. True Litwin Beat «Непатрэбная праўда пра беларусаў» — 8,75
  3. Shuma «Сонца» — 8,00
  4. Зміцер Вайцюшкевіч & WZ-Orkiestra «Камета» — 7,75
  5. Mustelide «Spi» — 7,50
  6. Сяргей Пукст «Шлях дадому» — 7,50
  7. Dzieciuki «Рэха» — 7,25
  8. Sounduk «Сом» — 6,75
  9. Ilo & Friends «Кола» — 6,50
  10. ТТ'34 «Падаючы і задыхаючыся дамагаешся адзінай мэты» — 6,50

Зміцер Безкаравайны

49 ацэненых за паўгоддзе альбомаў — гістарычны максімум, дасягнуты дзякуючы разгляду ВК-рэлізаў. Але якасці ў замкнёных асабліва на сацсетках рэлізаў пакуль няма — у лік рэцэнзаваных ні адзін не трапіў. Так што гэта хутчэй ход на перспектыву. Усяго 14 адрэцэнзаваных альбомаў за паўгоддзе — гэта гістарычны мінімум з тых часоў, як уведзены «адсеў» па балах. Падобна на тое, што новы склад экспертаў некалькі цвярдзейшы за стары. І ён іншы па густах. Першае месца ў паўгоддзі і 8,75 для альбома «Пятлі прыхільнасці», якая не атрымлівала да гэтага вышэй за 7,50 — яркае таму пацверджанне. Пры гэтым канкурэнты ў асобе True Litwin Beat і Shuma зусім побач. Ці пагодзяцца з такім размеркаваннем месцаў пазаштатныя і іншыя эксперты, ці знойдуцца яшчэ канкурэнты — пытанне для другога паўгоддзя і ўзнагарод Experty.by у сакавіку 2017. На мой жа асабісты густ якасная пяцёрка і некалькі моцных рэлізаў за імі ёсць — значыць, паўгоддзе ў норме.

  1. Shuma «Сонца» – 9,00
  2. Пятля прыхільнасці «Мода і аблокі» – 8,00
  3. Сяргей Пукст «Шлях дадому» – 8,00
  4. Mustelide «Spi» – 7,00
  5. Ilo & Friends «Кола» – 7,00

Конрад Ерафееў

У першым паўгоддзі мы ўбачылі некалькі выдатных рэлізаў, уключаючы зусім пышную і своечасовую «Непатрэбную праўду пра беларусаў». Колькасць якасных пласцінак на адзінку часу, здаецца, не моцна адрозніваецца ад чаканага, і, быццам бы, няма падставы засмучацца. Трохі бянтэжаць толькі дзве рэчы. Па-першае, досыць нізкі сярэдні ўзровень — толькі 4 сапраўдных пласцінкі стаяць з 49 ацэненых і 14 адрэцэнзаваных. Па-другое, адсутнасць у спісе хоць аднаго новага імя — калі казаць пра музыкаў, а не іх рэкамбінацыі.

  1. True Litwin Beat «Непатрэбная праўда пра беларусаў» – 10,00
  2. Зміцер Вайцюшкевіч & WZ-Orkiestra»Камета» – 10,00
  3. Пятля прыхільнасці «Мода і аблокі» – 9,00
  4. Сяргей Пукст «Шлях дадому» – 8,00
  5. 5. Dzieciuki «Рэха» – 7,00

Ягор Цывілька

Па ўласным досведзе ўжо ведаю, што рабіць нейкія высновы пра год на аснове першага паўгоддзя не варта. Але мушу канстатаваць: пакуль што не хапае «маладой крыві» з якаснымі свежымі рэлізамі. Рэй вядуць даўно знаёмыя і вядомыя выканаўцы – нават дэбютантаў Witness Temple цяжка аднесці да навічкоў беларускай сцэны. Агулам выдатных альбомаў нямала, але яны, на жаль, як айсбергі сярод халоднай роўнядзі з рэдкімі хвалямі.

  1. True Litwin Beat «Непатрэбная праўда пра беларусаў» – 10,00
  2. Shuma «Сонца» – 10,00
  3. Пятля прыхільнасці «Мода і аблокі» – 8,00
  4. Mustelide «Spi» – 8,00
  5. Dzieciuki «Рэха» – 8,00

Мікалай Янкойць

Роўнае паўгоддзе. Годных рэлізаў нямала. Больш за ўсё асалоды прынеслі працы, на якіх музыкі загучалі па-іншаму, раскрылі раней незнаёмыя якасці: Mustelide, Пукст (адразу ў двух асобах) і «Пятля прыхільнасці». Шкада толькі, што не прайшоў галасаванне экспертаў (па стылістыцы) прыгожы ў сваёй нярвовасці альбом Marie Chante. Трывожна, што яркіх дэбютантаў у 2016 пакуль зусім няма (True Litwin Beat навічкамі ніяк не назавеш). На дысках моладзі – шмат імітацыі, мітусні, таптання на месцы. Прычым цяпер мы разглядаем у межах праекта і альбомы, якія распаўсюджваюцца выключна праз сацсеткі, і гэта важнае рашэнне – але, на жаль, вялікі працэнт гэтых рэлізаў выклікае адзінае пытанне: дзеля каго і дзеля чаго яны запісаныя? Якасных запісаў хапае, але не стае якасці і яснасці думкі.

  1. Пятля прыхільнасці «Мода і аблокі» – 10,00
  2. Mustelide «Spi» – 8,00
  3. True Litwin Beat «Непатрэбная праўда пра беларусаў» – 8,00
  4. Сяргей Пукст «Шлях дадому» – 7,00
  5. Зміцер Вайцюшкевіч & WZ-Orkiestra «Камета» – 7,00
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?