Выключаная зь Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту Тацяна Хома працягвае змаганьне за права навучаньня ў сваёй ВНУ.

У дэканаце яе папярэдзілі, што адзіны магчымы варыянт аднаўленьня — платнае навучаньне. Тацяна ня мае дастаткова сродкаў, таму, хутчэй за ўсё, будзе вучыцца завочна.

Тым часам кіраўніцтва ўнівэрсытэту адрэагавала на акцыі салідарнасьці з адлічанай студэнткай пэрсанальнымі гутаркамі з тымі, хто зьбірае подпісы ў яе абарону.

Выкладчыкі пачынаюць лекцыі з тлумачэньняў дзеяньняў рэктара: «БДЭУ — унівэрсытэт дзяржаўны і мусіць трымацца дзяржаўнай палітыкі, і ў зьвязку з гэтым рэктар мусіў адлічыць Тацяну Хому». «А дзяржава — гэта Ён», — саркастычна прымалёўваюць сабе вусы некаторыя.

Каардынатарка сайту «Studenty.by» распавяла пра тое, як сябрам Тацяны давялося даваць тлумачэньні супрацоўніку КДБ, якога цікавіла дзейнасьць студэнткі, яе погляды.

У сьвеце не спыняюцца акцыі салідарнасьці. Студэнты Беластоцкага ўнівэрсытэту і Беластоцкай політэхнічнай акадэміі зьбіраюць подпісы супраць выключэньня Тацяны з БДЭУ. Познанскія студэнты зьвярнуліся да рэктара тамтэйшай Эканамічнай акадэміі, каб студэнтку прынялі на навучаньне бясплатна і з стыпэндыяй. Калі, зразумела, ня здолее аднавіцца на Радзіме. У Познані моцная суполка беларусаў-эмігрантаў на чале зь Віталем Воранавым.

Сама Тацяна пакуль не прыняла канчатковага рашэньня. Згодна сатуту Аб’яднаньня нацыянальных студэнцкіх зьвязаў Эўропы (ESIB) бліжэйшы час яна мусіць прысьвяціць гэтай арганізацыі, у кіраўніцтва якой яе прынялі. У яе абавязках — паездкі па эўрапейскіх краінах. Таму яна схіляецца да таго, што бліжэйшы год будзе вучыцца ў Эўропе, пажадана бліжэй да Беларусі. Варыянт з Познанскай акадэміяй выглядае для яе прывабна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?