Жыхарка Давыд-Гарадка Столінскага раёна не вярнулася дадому з рыбалкі напярэдадні свайго 76-годдзя, паведамілі ў Брэсцкім абласным савеце Таварыства ратавання на вадзе.

Цела пенсіянеркі было знойдзена ў рацэ Гарынь 4 жніўня. У гэты дзень ёй павінна было споўніцца 76 гадоў. Са слоў суседзяў, жанчына захаплялася рыбнай лоўляй. Напярэдадні чарговага дня нараджэння яна адправілася з вудамі да ракі, магчыма з мэтай прыгатаваць затым святочную вячэру. Пакуль невядома, што стала прычынай яе гібелі.

Усяго ахвярамі вады на мінулым тыдні ў Брэсцкай вобласці сталі чатыры чалавекі. Так, у рацэ Цна паблізу вёскі Бараўцы Лунінецкага раёна знойдзена цела 50-гадовага мясцовага жыхара, які, як бачылі суседзі, напярэдадні выпіваў на беразе. У Брэсце ў кар'еры, забароненым для купання, патануў 45-гадовы жыхар абласнога цэнтра.

Яшчэ адзін трагічны выпадак на вадзе адбыўся ў Камянецкім раёне. У вёсцы Кунаховічы пры ўсталёўцы буйкоў для прыкорму рыбы на мясцовым вадаёме патануў 32-гадовы жыхар Брэста. Усё адбылося практычна на вачах у сям'і і сяброў, якія адпачывалі на беразе. Распавядаюць, што глыбіня тутэйшага вадаёма не перавышае 1,5 м, аднак берасцеец не ўмеў плаваць. Хутчэй за ўсё, ён спатыкнуўся і захлынуўся вадой.

«Не варта грэбаваць мерамі бяспекі пры знаходжанні на вадаёмах. Недапушчальна купацца ў неўстаноўленых і забароненых месцах, асабліва ў нецвярозым выглядзе. Аматарам рыбнай лоўлі, нават калі яны вудзяць з берага, варта паклапаціцца аб ратавальных камізэльках», — падкрэслілі ратавальнікі. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?