«Праводзіць апытанні грамадскай думкі ў агляднай будучыні НІСЭПД не зможа, паколькі апытальную сетку ўлады разбурылі», — заявіў заснавальнік Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (Літва) Алег Манаеў.

Нагадаем, 31 ліпеня тэлеканал «Беларусь 1» паказаў фільм «Прымат НІСЭПД». Сутнасць яго зводзілася да наступнага: рэальных апытанняў інстытут у Беларусі не праводзіць, а людзі, якія ў дакументах указаныя як каардынатары даследаванняў, ніякага дачынення да НІСЭПД не маюць. Такім чынам, рабілі выснову аўтары фільма, сацыёлагі пад выглядам апытанняў проста «распілоўваюць» грошы спонсараў.

Паказаны фільм — не першая спроба дыскрэдытацыі НІСЭПД з дапамогай дзяржаўных СМІ, але ніколі раней гэта не ўплывала на працу інстытута ў Беларусі.

На пытанне, чаму зараз правядзенне сацапытанняў будзе спынена, Алег Манаеў патлумачыў:

«Папярэднія атакі уладаў закраналі тых, хто працаваў у інстытуце (а ў ім ніколі не працавала больш за дзесяць чалавек). Але на гэты раз яны пайшлі «ўглыб» — закранулі тых, хто працаваў на інстытут, а гэта больш за 100 чалавек. Таму ў агляднай будучыні НІСЭПД не зможа праводзіць апытанні грамадскай думкі».

«Нават калі заўтра хтосьці і пагадзіўся б на такую працу, мы не можам рызыкаваць людзьмі», — дадаў заснавальнік НІСЭПД.

Такая сітуацыя, паводле яго слоў, можа працягнуцца дастаткова доўга. «Ні змены палітычнага курсу, ні змены ўлады ў Беларусі ў найбліжэйшы час не прадбачыцца, а ў цяперашніх умовах узнавіць сетку падрыхтаваных інтэрв'юераў для правядзення незалежных ад уладаў апытанняў, як гэта было магчыма ў пачатку 1990-х гадоў, немагчыма», — адзначыў Манаеў.

«Але мы знойдзем іншыя формы працягваць сваю дзейнасць і выконваць сваю місію», — падкрэсліў ён. Такімі формамі дзейнасці, паводле слоў сацыёлага, можа быць падрыхтоўка аналітычных тэкстаў і іх распаўсюджванне праз СМІ альбо шляхам прамой рассылкі адрасатам, а таксама арганізацыя канферэнцый, семінараў, сустрэч і дыскусій па актуальных праблемах грамадскага развіцця Беларусі за мяжой.

Каментуючы інфармацыю, якая прагучала ў фільме «Прымат НІСЭПД», Манаеў заявіў, што некаторых людзей, якія значыліся ў паказаных спісах інтэрв'юераў, ён ведае на працягу многіх гадоў, але большасць прозвішчаў яму не знаёмыя.

«Але тут справа не ў прозвішчах, датах, відах дзейнасці, сумах выплат і гэтак далей, а ў тым, што ўсе гэтыя дакументы — не друкаваныя асобнікі, а электронныя копіі з электроннымі подпісамі. Як беларускія спецслужбы «робяць» такія дакументы, мы ў НІСЭПД вельмі добра ведаем за больш чым дваццацігадовую гісторыю супрацьстаяння разнастайным рэпрэсіям з боку беларускіх уладаў, і таму ніводнаму з іх не верым і каментаваць іх не можам», — дадаў сацыёлаг.

Паводле слоў Манаева, ён добра ведае Яўгенія Кавалёва, якога ў фільме прадстаўлялі як каардынатара апытальнай сеткі НІСЭПД па Беларусі і які расказваў, што апытанні НІСЭПД паўнавартасна не праводзяцца.

«Ён мой былы студэнт, на працягу многіх гадоў сапраўды займаўся апытаннямі грамадскай думкі. Я яму цалкам давяраю і цаню як калегу і сапраўднага прафесіянала, — сказаў Манаеў. — Аднак сур'ёзна прымаць у разлік усё тое, што ён кажа ў «спецыяльным рэпартажы» БТ, не магу, паколькі добра вядома, як беларускія спецслужбы дамагаюцца такіх «прызнальных паказанняў». Думаю, многія звярнулі ўвагу на тое, як выглядаў і трымаў сябе Яўген Кавалёў перад камерай».

Што тычыцца паказаных у фільме Сяргея Падольскага (яго называлі каардынатарам апытальнай сеткі НІСЭПД у Магілёве) і Ірыны Прызбы (яна называла сябе каардынатарам сеткі ў Віцебску), то, паводле слоў Манаева, ён сустракаўся з Падольскім у 1990-х гадах на семінарах НІСЭПД, а з Прызбай не знаёмы.

«Ці працавалі яны ў сетцы інтэрв'юераў — ні пацвердзіць, ні абвергнуць не магу, паколькі рэгіянальны ўзровень сеткі быў у паўнамоцтвах Кавалёва. Але тое, што я сказаў пра яго рэакцыю ў гэтым «рэпартажы», цалкам датычыцца і гэтых людзей, і ўсіх іншых, каму, магчыма, яшчэ прыйдзецца «фігураваць» у наступным «выкрыцці». У такой сітуацыі, калі людзі могуць адмаўляць, яны, несумненна, будуць адмаўляць любы ўдзел у дзейнасці НІСЭПД», — адзначыў Манаеў.

Што да абвінавачанняў з нагоды якасці апытанняў НІСЭПД, і ў прыватнасці адсутнасці маршрутных лістоў, то, як адзначыў сацыёлаг, у апытаннях звычайна ўдзельнічае каля 100 інтэрв'юераў. Акрамя таго, замежныя партнёры НІСЭПД некалькі разоў праводзілі адпаведныя праверкі. «Сам факт таго, што працягваецца праца НІСЭПД, кажа пра тое, што гэтыя праверкі былі паспяхова праведзены. Маршрутныя лісты пры правядзенні апытанняў — абавязковая ўмова іх правядзення. Але, зыходзячы з рэальнай сітуацыі, у якой апошнія дзесяць гадоў праводзяцца апытанні НІСЭПД, яны, як і іншыя дакументы інстытута, не захоўваюцца доўга», — расказаў Манаеў.

Паводле яго слоў, пасля выхаду фільма донары НІСЭПД звярталіся да інстытута за тлумачэннямі. «І мы даем адпаведныя тлумачэнні», — сказаў Манаеў.

Ён назваў «чыстай хлуснёй» інфармацыю пра тое, што менавіта адсутнасць маршрутных лістоў стала падставай ліквідацыі НІСЭПД у красавіку 2005 года.

«Працэс ліквідацыі інстытута доўжыўся ў Вярхоўным судзе тры дні, не кажучы ўжо пра яго падрыхтоўчую стадыю, і суправаджаўся цэлым патокам прамоваў і папер — ні ў адной з іх маршрутныя лісты не фігуравалі, — падкрэсліў Манаеў. — Галоўная прэтэнзія Мінюста заключалася ў тым, што мы адмовіліся прадстаўляць ім запоўненыя анкеты перад публікацыяй вынікаў апытанняў, паколькі па іх таксама можна было вызначыць інтэрв'юераў».

Паводле яго слоў, рэальная праблема ў тым, што «спачатку беларускія ўлады паставілі незалежную сацыялогію фактычна ў нелегальнае становішча, а потым, як ні ў чым не бывала, патрабуюць, каб незалежныя сацыёлагі дзейнічалі ў гэтых «прававых» (на самой справе, антыправавых) рамках».

Напрыклад, сказаў Манаеў, для атрымання акрэдытацыі ў камісіі па апытаннях грамадскай думкі пры Нацыянальнай акадэміі навук неабходна ўзгадняць апытальнікі інтэрв'ю «на прадмет адпаведнасці стандартам якасці».

«Але маса пытанняў, асабліва «адчувальных» для ўладаў, не могуць быць «узгоднены», напрыклад — аб рэальных выніках выбараў, рэйтынгу прэзідэнта, стаўленні да бягучай палітыкі, — дадаў ён. — А да таго ж, акрамя «кантэнту», неабходна прадстаўляць адпаведную інфармацыю аб сетцы інтэрв'юераў, заказчыках і шмат чаго яшчэ. Дарэчы, тое ж тычыцца і публікацыі вынікаў апытанняў ў СМІ».

Манаеў нагадаў, што ў 2013 годзе КоАП быў дапоўнены артыкулам «Незаконнае правядзенне апытанняў грамадскай думкі». Ён прадугледжвае штраф да 20 базавых велічынь (для юрыдычнай асобы — да 100) за правядзенне без атрымання акрэдытацыі даследаванняў і апублікаванне вынікаў апытанняў грамадскай думкі, якія тычацца грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне, рэспубліканскіх рэферэндумаў, прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў. Тое ж дзеянне, учыненае паўторна на працягу года, пацягне накладанне штрафу ад 10 да 50 базавых велічынь, на юрыдычную асобу — ад 20 да 200 базавых велічынь.

«Згодна з фармулёўкай правапарушэння, адміністрацыйная адказнасць будзе наступаць пры наяўнасці двух паслядоўных дзеянняў: правядзення даследавання грамадскай думкі па грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне і апублікавання вынікаў апытання, зробленага ў рамках такога даследавання», — адзначыў сацыёлаг.

Яшчэ адной праблемай, паводле яго слоў, з'яўляецца рэгістрацыя ў Беларусі грантаў, якія выдзяляюцца для правядзення даследаванняў і якія неабходна рэгістраваць у дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.

«Што на самой справе значыць гэтая рэгістрацыя? Калі любы з элементаў падтрыманага замежным грантам праекта не спадабаецца ўладам (фармулёўкі пытанняў, тэматыка і ўдзельнікі канферэнцый і семінараў) ці калі донара палічаць «варожым» палітыцы ўладаў, грант на гэты праект папросту не будзе зарэгістраваны, — растлумачыў Манаеў. — Акрамя таго, калі ў дэмакратычных краінах такога роду гранты маюць спецыяльныя падатковыя прэферэнцыі, то ў Беларусі яны падпадаюць пад звычайную «камерцыйную дзейнасць» і адпаведнае падаткаабкладанне. Калі ж апытанне праводзіцца без акрэдытацыі камісіі і рэгістрацыі гранту, яго аўтары і выканаўцы аўтаматычна аказваюцца па-за законам».

Гэта, паводле слоў Манаева, пацвердзіў і кіраўнік атэстацыйнай камісіі па апытаннях грамадскай думкі пры НАН Ігар Катляроў. Каментуючы сакавіцкае апытанне НІСЭПД, ён, у прыватнасці, заявіў, што правядзенне НІСЭПД сацдаследаванняў — «грубае парушэнне заканадаўства».

У такіх умовах ніхто з людзей, якія ўдзельнічаюць у правядзенні апытанняў НІСЭПД, не стане пацвярджаць сваю сувязь з інстытутам, лічыць Манаеў.

«Ніхто не хоча «вылецець» з працы ці вучобы або, тым больш, сесці ў турму. Таму трэба казаць не столькі пра маніпуляцыі заказчыкаў і аўтараў гэтага «спецыяльнага рэпартажу», колькі пра маніпуляцыі ўладаў у больш шырокім сэнсе — выкарыстанне манаполіі на выканаўчую, заканадаўчую і судовую ўладу, а таксама СМІ ў сваіх палітычных і эканамічных інтарэсах», — падкрэсліў заснавальнік НІСЭПД.

«Беларускія ўлады якраз зацікаўлены ў тым, каб мы пачалі апраўдвацца, спрачацца, прыводзіць доказы па кожным «пункце абвінавачання», — уцягнуць нас у сваю «брудную гульню» і ў выніку дыскрэдытаваць НІСЭПД і заткнуць рот грамадскай думцы ў нашай краіне», — перакананы прафесар Манаеў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?