Пра гэта паведаміла на прэс-канферэнцыі намеснік начальніка аддзела народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка.

Так, у 2015 годзе 57,2 працэнта нованароджаных - гэта другія, трэція і наступныя дзеці (у 2014 годзе — 54,1 працэнта). Сярод рэгіёнаў рэспублікі па нараджэнні трэцяга і наступных дзяцей лідзіравала Брэсцкая вобласць, другія дзеці больш нараджаліся ў Мінску.

Шматдзетных сем'яў у краіне ўжо налічваецца больш як 83 тыс. (паводле даных перапісу 2009 года, іх было 62,5 тыс).

З 2014 года павялічваецца колькасць насельніцтва Беларусі - гэта ўпершыню за апошнія 20 гадоў. На 1 ліпеня гэтага года ў рэспубліцы налічвалася 9,5 млн жыхароў (у параўнанні з пачаткам года іх стала больш на 1 590 чалавек). У многім гэта абумоўлена рэалізацыяй мер па павышэнні нараджальнасці, падтрымцы сям'і, ахове мацярынства і дзяцінства, адзначыла Марына Арцёменка. У мінулым годзе нарадзілася 119 тыс. дзяцей — гэта самы высокі паказчык за 20 гадоў. Сумарны каэфіцыент нараджальнасці ў 2015 годзе склаў 1,72 (у 2010-м — 1,49). Па колькасці нованароджаных лідзіруе сталіца, дзе ў 2015 годзе з'явілася на свет амаль 23 тыс. дзяцей - кожны пяты нованароджаны ў краіне. Крыху больш за 19 тыс. дзяцей нарадзілася ў мінулым годзе ў Мінскай вобласці, набліжаюцца да гэтай лічбы Брэсцкая і Гомельская вобласці.

Рост нараджальнасці назіраецца і ў бягучым годзе, падкрэсліла прадстаўнік міністэрства. За студзень-чэрвень гэтага года нарадзілася 58 266 дзяцей, што на 1 718 дзяцей, або на 3 працэнты, больш, чым за студзень-чэрвень мінулага года.

Паводле слоў спецыяліста, у Беларусі сфарміравана эфектыўная і даволі поўная заканадаўчая база па сямейнай палітыцы. Яна ўключае нарматыўныя прававыя акты па падтрымцы і ўмацаванні сям'і, заахвочванні мацярынства і дзяцінства, абароне правоў дзяцей. Асабліва значныя сацыяльна-эканамічныя меры прыняты ў апошнія гады. Забяспечаны рост памераў дапамог па доглядзе дзяцей, уведзены дадатковыя віды матэрыяльнай падтрымкі сем'яў, прадастаўляецца шырокі спектр сацыяльных паслуг. Аказанне падтрымкі пачынаецца з нараджэння дзіцяці і нават раней, дадала Марына Арцёменка. Гэта комплекснае медыцынскае абследаванне, выплата дапамог па цяжарнасці і родах, прадастаўленне сацыяльных водпускаў.

Што датычыцца водпуску да дасягнення дзіцем узросту 3 гадоў, то ён можа быць выкарыстаны поўнасцю або па частках любой працягласці. Права на такі водпуск маюць не толькі маці, але і бацькі, іншыя сваякі, члены сям'і дзіцяці ў выпадку выхаду маці на работу або прадаўжэння вучобы ў дзённай форме атрымання адукацыі, праходжання службы. Акрамя таго, калі мама - індывідуальны прадпрымальнік, адвакат, рамеснік, натарыус, то ў бацькі дзіцяці або іншага члена сям'і таксама ёсць права на водпуск.

Дарэчы, у водпуску па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту 3 гадоў у мінулым годзе знаходзілася 3 097 мужчын, у 2014 годзе — 2 745 мужчын.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?