Жыхарка Бярозаўскага раёна памерла пасля ўжывання ў ежу свежапрыгатаваных грыбоў, паведаміла загадчыца аддзялення гігіены харчавання Брэсцкага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Галіна Дуль.

Бледная паганка. Фота mykonet.ch

У выніку эпідрасследаванная выяўлена, што 58-гадовая жыхарка вёскі Здзітава 31 ліпеня ўжывала ў ежу папярэдне адвараныя смажаныя чырвонагаловікі, падбярозавікі і сыраежкі. Па медыцынскую дапамогу яна звярнулася 5 жніўня. З папярэднім дыягназам «атручэнне грыбамі» і характэрнымі для харчовага атручэння сімптомамі (млоснасць, ваніты, вадкі стул) пацярпелая была дастаўленая ў рэанімацыйнае аддзяленне Бярозаўскай цэнтральнай раённай бальніцы, дзе 7 жніўня памерла.

«Як мяркуецца, жанчына атруцілася бледнай паганкай, якую магла зблытаць з ядомымі грыбамі. Атручэнне бледнай паганкай асабліва небяспечна сваім доўгім інкубацыйны перыядам, які можа працягвацца да 40 гадзін. За гэты час яды, якія не знішчаюцца ні пры якой кулінарнай апрацоўцы, усмоктваюцца ў кроў і могуць прывесці да незваротных змен у арганізме чалавека», — патлумачыла Галіна Дуль.

Усяго з пачатку года на тэрыторыі вобласці зарэгістравана 8 выпадкаў харчовых атручэнняў грыбамі, у тым ліку тры ў Брэсце і па адным — у Баранавічах, Жабінкаўскім, Камянецкім, Кобрынскім і Бярозаўскім раёнах. Апошні з іх і стаў смяротным. Сярод пацярпелых дарослыя людзі ва ўзросце ад 34 да 88 гадоў. Яны ўжывалі ў ежу смаржкі, падзялёнкі, падбярозавікі і невядомыя грыбы. На гэтую ж дату 2015 года ў Брэсцкай вобласці было зарэгістравана два выпадкі атручэння грыбамі з двума пацярпелымі.

«Дрэннае веданне насельніцтвам відавога складу грыбоў і ігнараванне правіл іх збору і апрацоўкі цягнуць за сабой непрадказальныя наступствы — ад вострых формаў атручэння да смяротных вынікаў. Прычым выпадкі атручэння рэгіструюцца ў розны час года, а не толькі ў сезон збору. Каб не падвяргаць сябе і сваіх блізкіх небяспецы, не варта браць у лесе невядомыя грыбы, купляць іх у неўстаноўленых для гандлю месцах. Ва ўсіх выпадках атручэнняў неабходна тэрмінова звяртацца па медыцынскую дапамогу. Чым раней шпіталізуюць пацярпелага, тым больш будзе шанцаў на спрыяльны зыход», — рэзюмавала Галіна Дуль.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?