Пракладка каналізацыйнага калектара ў раёне Старавіленскага тракту ў Менску (на месцы былога Старажоўскага рынку), дзе знаходзяцца вайсковыя могілкі часоў Першай сусьветнай вайны, прыпынена пасьля ўмяшаньня грамадзкасьці.

Як паведаміў БелаПАН старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры» Антон Астаповіч, работы на месцы разьмяшчэньня могілак пачаліся раніцай 30 траўня.

«Гэтыя могілкі зьяўляюцца гісторыка‑культурнай каштоўнасьцю другой катэгорыі. Тут пахавана больш за 5 тысяч чалавек, у асноўным у брацкіх магілах. Гэта бежанцы і расейскія салдаты, якія ў пачатку мінулага стагодзьдзя паміралі ў шпіталях Менску. Як высьветлілася, Міністэрства культуры сваім рашэньнем ад 26 траўня санкцыянавала тут раскопкі для пракладкі калектару», — паведаміў А.Астаповіч.

Паводле яго слоў, з дапамогай тэхнікі будаўнікі даставалі зь зямлі чалавечыя косткі, пакавалі іх у пакеты й адвозілі ў невядомым напрамку.

«Цяпер раскопкі ўдалося прыпыніць. Гэта адбылося дзякуючы таму, што член Савету нашай арганізацыі Уладзімер Дзянісаў змог зьвязацца з ваенным аташэ пасольства Расейскай Фэдэрацыі ў Менску. Пасольства адрэагавала таксама вельмі апэратыўна і накіравала запыт у Савет бясьпекі Беларусі, пасьля чаго па распараджэньні Савету бясьпекі работы былі спынены», — паведаміў А.Астаповіч.

Сяргей Пульша, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0