Ніко Пірасманішвілі

У Менску выстаўляюцца (ад 30 траўня да 13 жніўня) творы сусьветна вядомага грузінскага мастака Ніко Пірасманішвілі (1862—1918). Выстава прымеркаваная да выхаду на беларускі рынак Банку Грузіі.

Ніко жыў у Нахалаўцы — тбіліскім квартале люмпенаў і беднаты. Ён ніколі нічога ня меў. Пэндзлі рабіў сам. У карцінах Ніко дамінуе чарната — заўсёды было найбольш чарнаты, бо фарбы яму давалі трунары. Ён зьбіраў старыя бляшаныя шыльды, каб было на чым маляваць. Таму праз тло яго карцінаў прабіваюцца ня вельмі добра замаляваныя надпісы, які‑небудзь «Магаз», альбо «Табак». Рэкляма ў золаце і чырвані, а на тым чорна‑белая выява Ніко. Грузінскі прымітыў накладзены на расейскі купецкі сэцэсіён. Ніко маляваў у тавернах, у задусе нахалаўскіх піўнушак. Часам разявакі ставілі яму віно. Можа, ён быў хворы на сухоты? Можа, быў эпілептыкам? Пра яго мала вядома. Шмат рэчаў Ніко загінула, ацалела частка. Галоўная тэма яго карцінаў — гэта вячэры.

Ніко маляваў вячэры як Веранэзэ.

Толькі вячэры Ніко грузінскія і сьвецкія. На тле краявіду Грузіі — шчодры стол, за тым сталом грузіны п’юць і ядуць. Стол на першым пляне. Стол гэта самае важнае. Ніко захапляе кулінарыя. Што будзе паесьці, чым чалавек страўнік напхае. Ніко ўсё гэта намалюе. Ніко пакажа, што хацеў бы зьесьці, і чаго ня будзе есьці ні сёньня, ні, можа, ніколі. Сталы заваленыя ежай. Смажаныя бараны. Тлустыя парсючкі. Віны чырвоныя і цяжкія, як цялячая кроў. Сакавітыя кавуны. Духмяныя гранаты. У гэтым маляваньні ёсьць нейкі мазахізм, нейкае ўбіваньне нажа ва ўласнае чэрава, хоць мастацтва Ніко пагоднае, нават забаўнае.

Грузія Ніко сытая, добра ўкормленая, увесь час банкетуе. Край сплывае малаком. Зь неба сыпецца манна. Усе дні сытыя. Такая Грузія сьнілася Нахалаўцы начамі.


«Актрыса Маргарыта»

Ніко маляваў сны Нахалаўкі.

Мастацтва не прынесла яму шчасьця. У яго была дзяўчына па імені Маргарыта. Невядома, што гэта была за дзяўчына. Ніко кахаў яе і намаляваў яе партрэт. Твар Маргарыты зроблены на манер вялікіх наіўных, у якіх усё завялікае і ня ў норме. Вялікія вусны. Вырачаныя вочы, велізарныя вушы. Гэты партрэт Ніко аддаў Маргарыце. Абураная дзяўчына раскрычалася. Яна пакінула яго, разьюшаная, у нянавісьці. Ягоны талент асудзіў яго на самотнасьць.

З таго часу ён жыў у самоце.

Ён зьбіраў заржавелыя шыльды, трунары давалі яму фарбы. Увесь час ён маляваў свае бяседы за тым сталом на тле гарыстага пейзажу. Часам разявакі ставілі яму віно. Было яму 54 гады, калі памёр, у Тбілісі, у нейкай хаце, невядома ад чаго, галодны, а можа, звар’яцеўшы».

Гэтак пісаў пра мастака славуты польскі пісьменьнік і журналіст Рышард Капусьціньскі ў сваім рамане «Імпэрыя». Цалкам раман выйдзе па‑беларуску ў перакладзе Яўгена Салейчука ў сэрыі «Кнігарня «Наша Ніва».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0