Пасажыры, якія бавяць час у зале чакання на трэцім паверсе Мінскага чыгуначнага вакзала, доўгі час былі вымушаныя слухаць бясконцую расійскую папсу. Яна разляталася па зале чакання з дынаміка, усталяванага каля абменніка «Беларусбанка». Стас Міхайлаў, Мікалай Баскаў…
Ці адчуе турыст, які завітаў у Беларусь, нацыянальны каларыт на галоўным вакзале краіны?
Жыхар Мінска Ягор Макарэвіч як пастаянны наведнік вакзала звярнуўся да кіраўніцтва «Дарорс» з пісьмовай прапановай змяніць плейліст.
«Паведамляем, што ваша прапанова правільная, і з нашага боку ўжо набытыя кружэлкі для праслухоўвання песень на беларускай мове. Гучанне песень на рускай і беларускай мовах будзе пачарговым», — гаворыцца ў адказе, падпісаным начальніцай гандлёва-вытворчага комплексу «Дарорс» М.Рагульскай.