Беларусь ператварылася ў паліцэйскую дзяржаву, піша Сьвятлана Калінкіна.

Вось ён — галоўная менская славутасьць. Фуражка ссунута на макаўку, затаіўся на стаянцы каля павароту з праспэкту Пераможцаў да гатэлю «Плянэта» і цярпліва чакае ахвяру.

Раптам падкідваецца, як падсмажаны нясецца да дарогі. І палкай матляе, і сьвішча, і фуражку прытрымлівае, каб не зьляцела… Гэта ён кінуўся тармазіць машыну зь літоўскімі нумарамі, якая спакойна рухалася ў плыні іншых у другім шэрагу.

ДАІшнік стварае клясычную аварыйную сытуацыю: хтосьці пачынае прытарможваць, хтосьці, не пасьпеўшы сьцяміць, працягвае рухацца… На вузкай вулцы імгненна ўзьнікае затор, народ сыгналіць і лаецца матам, пакуль зьдзіўлены літовец спрабуе хоць неяк прыткнуцца да ўзбочыны. А чалавек у шэрым з палаючымі вачыма чакае. Ён — прадстаўнік улады. І ён відавочна хоча грошай. Іначай немагчыма патлумачыць, чаго раптам ён кінуўся на чалавека, які спакойна едзе і нічога не парушае.

Наагул за такое трэба караць. За любое нематываванае прыставаньне супрацоўнікаў міліцыі да людзей. Кіроўцы‑замежнікі і тыя, якім пашчасьціла апынуцца ў нашай краіне з транзытнымі нумарамі, стогнуць ад «гасьцінных» беларускіх дарог, таму што нідзе больш не сустрэнеш столькі піраньяў у шэрым, якія прагнуць адно — грошы.

Лічыцца, што замежнікаў у Менску зьдзіўляе чысьціня.

Глупства! Падмеценыя вулкі ўражваюць толькі прадстаўнікоў глухой расейскай глыбінкі. Насамрэч замежнікаў шакуе колькасьць міліцыі. Калі, ідучы па цэнтральным праспэкце, праз кожныя сто мэтраў натыкаешся на людзей у змрочнай шэрай форме, то хоцькі‑няхоцькі задумаешся пра паліцэйскую дзяржаву. А калі ў раёне Кастрычніцкай плошчы зьяўляецца спэцназ, а «людзі ў цывільным», што спакойна размаўляюць, раз‑пораз, ды пачынаюць папіскваць мэталічнымі рацыямі, то тут у замежнікаў лыткі калоцяцца. «Штосьці здарылася? У краіне надзвычайнае становішча?» — не разумеюць яны.

— Ды не, — кажу. — Гэта ў нас ня ведаюць, чым заняць натоўп разнастайных стражаў парадку. Паміж акцыямі апазыцыі, якія сталі рэдкімі, ім папросту няма чаго рабіць, вось і туляюцца па горадзе.

Чаму спакойная Беларусь займае першае месца ў Эўропе і трэцяе месца ў сьвеце па колькасьці паліцыянтаў?

І пры гэтым жа не мінае і тыдня, каб ня стала вядома пра які‑небудзь скандал з удзелам супрацоўнікаў міліцыі. То зьбілі (а то і забілі) кагосьці нізавошта, то «жывы шчыт» зладзілі, то хабар бралі, то шляхам правакацыі пасадзілі кагосьці за краты… І калі б у нас быў нармальны парлямэнт, то яму б даўно варта было б прызначыць парлямэнцкія слуханьні з адным пытаньнем: «Як абараніць народ ад міліцыі?»

І першая праблема, якая павінна быць вынесена на абмеркаваньне: «Навошта іх столькі?». Чаму спакойная Беларусь займае першае месца ў Эўропе і трэцяе месца ў сьвеце па колькасьці паліцыянтаў?

У нас цяпер шумна ідзе год здароўя, Лукашэнка наведвае бальніцы, распавядае, як дзяржава клапоціцца… А ці ведаеце, колькі ў Беларусі дактароў? На канец мінулага году было 41600 чалавек. Прынамсі, такія зьвесткі разьмешчаныя на сайце Міністэрства аховы здароўя. У прэс‑рэлізе аб выніках працы галіны ў мінулым годзе сказана, што з 52 тысячаў пасадаў фізычнымі асобамі ўкамплектавана 80%. Вось і лічыце.

А цяпер іншае пытаньне: колькі ж у нас міліцыі? Як прызнаўся міністар Навумаў, гэта 77 тысяч чалавек плюс 12 тысяч у аб’яднаньні «Ахова», плюс 11 тысяч — унутраныя войскі. Іншымі словамі, міліцыянтаў у два разы болей, чым дактароў — бяз малага 100 тысяч чалавек!

Міліцыянтаў у два разы болей, чым дактароў

А ёсьць жа яшчэ КДБ, пракуратура, служба бясьпекі прэзыдэнта, суды, у якіх бессэнсоўна шукаць праўду… Вось гэты карны апарат і ёсьць дзяржаўны прыярытэт. А здароўе?.. Лукашэнка падчас наведваньня на гэтым тыдні Бальніцы хуткай дапамогі наўрад ці пацікавіўся, чаму з‑за ягонага візыту адмянілі ўсе апэрацыі, а дактароў і пацыентаў заперлі па кабінэтах і палатах. Ён таксама наўрад ці даведаўся, што шматгадовы рамонт у бальніцы так і ня скончыўся, у чым лёгка было пераканацца, калі, канечне, адхіліцца ад загадзя сплянаванага маршруту. Яму, упэўненая, ніхто не распавёў, што ў аддзяленьні кардыялёгіі ўсю зіму і вясну пацыенты спалі нават на падлозе ў калідорах, таму што разьмяшчаць іх папросту не было дзе. Нарэшце, відаць, не знайшлося чалавека, які б распавёў кіраўніку дзяржавы, што ў цэнтры Эўропы вынікі пашыранага аналізу крыві трэба чакаць два месяцы,таму што дзяржава не знайшла грошай каб закупіць якіясьці рэактывы, у выніку аналізы «стаяць у чарзе». Уяўляеце, што можа адбыцца з хворым чалавекам за два месяцы, пакуль ён чакае вынікаў свайго аналізу?! Але ў нас іншыя прыярытэты: напрыклад, мы купляем вэрталёт міліцыі. Ну, ня могуць яны бяз гэтага абысьціся. І форма ім ужо патрэбная новая, і аўтазакі пазношваліся…

Толькі сьляпы ня бачыць, што ў мінулае адышлі часы, калі Лукашэнка быў прэзыдэнтам пэнсіянэраў. Адмовіўся ад сваіх верных прыхільнікаў: і льготы адабраў, і пэнсіі не падымае, і цэны на малако і хлеб больш утрымліваць не жадае. Засталася адна каста недатыкальных, перад якой улада ўсяляк заігрывае і ўсімі спосабамі імкнецца не пакрыўдзіць, — людзі ў шэрым. Гэта цяпер галоўны выбарац. Ведаючы гэта, яны адчуваюць сябе ў вялікіх і маленькіх гарадах сапраўднымі гаспадарамі жыцьця.

Толькі сьляпы ня бачыць, што ў мінулае адышлі часы, калі Лукашэнка быў прэзыдэнтам пэнсіянэраў.

Паглядзіце, што народ абмяркоўвае на форумах.

…Звышпільная менская міліцыя палічыла за віжа канадзкага трэнэра Флемінга толькі таму, што ён штосьці фатаграфаваў у крамах. «Як яшчэ на 15 сутак не пасадзілі?» — дзівяцца дасьведчаныя беларусы.

…У кагосьці ўначы проста на вуліцы міліцыя рылася ў партфэлі. Чалавек задаўся пытаньне: а ці маюць яны на гэта права? Разумныя людзі яму адказалі: «Маюць, ня маюць… якая цяпер розьніца… Пакуль яны лічаць нас быдлам, так будзе заўсёды, радуйся, што цябе дубіналам не адхадзілі».

…У Брагіне міліцыянты зьбілі супрацоўніка банка. Пасьля таго, як чалавек прыйшоў у РАУС скардзіцца на хамскія паводзіны патруля, яго працягнулі носам па асфальце, ператварыўшы твар у месіва, і абвінавацілі ў тым, што ён лаяўся матам. «У іх і сьведкі знойдуцца», — «супакойваюць» жонку небаракі тыя, хто ўжо трапляў у падобную сытуацыю.

Міліцэйскае самавольства стала ў Беларусі дадзенасьцю. Але за гэта ў нашай краіне не караюць. У іх карт‑блянш.

P.S.

Калі строга, тэрмін «паліцэйская дзяржава» гэта ня толькі наяўнасьць аграмаднага карнага апарату. Проста карны апарат становіцца неад’емным элемэнтам, паколькі нараджаецца як рэакцыя на патрэбу ўлады кантраляваць усіх і ўся. Калі меркаваць па падручніках, мы пайшлі па клясычным сцэнары. Чытаем у Палітычным слоўніку. «Выступаючы разнастайнасьцю аўтарытарнага рэжыму, паліцэйская дзяржава мусіць выконваць, на думку яе прыхільнікаў, абаронна‑ахоўныя функцыі, аберагаючы традыцыйную для дадзенай краіны грамадзкую структуру. Пры такой арганізацыі дзяржавы забаронным, сілавым, цэнтралізаваным мэтадам кіраваньня аддаецца відавочная перавага, актыўнасьць «сіл парадку» падкрэсьлена дэманструецца кіроўнымі элітамі. Ядро дзяржаўнай сыстэмы ўтвараюць сілавыя органы і структуры, а сама дзяржава набывае пашыраныя функцыі (у тым ліку гаспадарчую, выхаваўчую і да т.п.). У паліцэйскай дзяржаве закладзена тэндэнцыя да падрабязнай рэглямэнтацыі і рэгуляцыі ўсіх грамадзскіх адносінаў. У яе аснове ляжыць ідэя дасягненьня «дабрабыту ўсіх», для чаго ўладзе і патрабуюцца неабмежаваныя паўнамоцтвы. Абавязковым спадарожнікам такога дзяржаўнага кіраваньня аказваецца таму пашырэньне дзяржаўнага фармалізму і бюракратызму. Сацыяльная мэта падобнага рэжыму — дасягненьне і падтрыманьне пэўнай аднолькавасьці паводзінаў людзей з дапамогай т.зв. паліцэйскіх мераў — строгага кантролю за месцазнаходжаньнем, перасоўваньнем насельніцтва, увядзеньне інстытуту прапіскі, масавым парушэньнем тайны ліставаньня, вядзеньнем дасье на непажаданых асобаў і іншае. Падобная мадэль дзяржавы была рэалізаваная, напрыклад, у ХIХ ст у Прусіі і грунтуецца на незьнічшчальнай ілюзіі масавай сьвядомасьці, што толькі дзяржава можа быць гарантам і носьбітам сацыяльнага парадку і прагрэсу».

Не дарма Лукашэнка ў свой час згадваў слынны Ordnung.

Сьвятлана Калінкіна, «Белорусский партизан»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0