Раптоўна памёр эканаміст Віталь Бусько. Грунтоўныя працы па эканамічнай гісторыі Беларусі напісаў. Непераўзыдзены знаўца пэрыяду НЭПу на нашых землях. Патрыёт. Меў адвагу яшчэ пры саветах беларускую эканамічную думку сярэдзіны ХIХ –пачатку ХХ ст. адасабляць ад расейскай, крытычна супрацьпастаўляць яе марксісцка-ленінскім догмам.

«Гісторык» ад эканомікі, але бачыў будучыню на два вокі. Апошнім часам дасьледаваў найсучаснейшыя тэорыі «грамадзтва паслугаў». Кансультаваў банкі і міністэрствы. Што мог, рабіў, каб дзяржава наша хоць адным колам узьбілася на шлях самых разьвітых краінаў; дзе мог стукаўся у кабінэты і галовы; калі ў глебу, калі па глухім асфальце, але сеяў, сеяў...

Бяссрэбранік. Адданы навуцы, сьціплы ў побыце і ў кар’еры (толькі гады два таму ўгаварылі заняць начальніцкі фатэль у Інстытуце Эканомікі АН РБ), апантаны справай «mad professor» – грамадзянствам такіх ня кожны край мае гонар пахваліцца – рэдка знаходзіў часу на цырульню, ня тое што на здароўе. Вось, лёг і не прачнуўся.

Хай жа думкі і мары Буська – супакой, Госпадзе, душу ягоную – узыйдуць калісь густым жытам народнага дабрабыту. А так і будзе, бо на тое наша зямля сьветлыя галовы родзіць.

Вадзім Карцаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0