Марк Цукерберг паведаміў пра першы паспяховы палёт самалёта Aquila на сонечных батарэях. Гэтыя беспілотнікі могуць раздаваць інтэрнэт у аддаленыя і малазаселеныя раёны планеты. Aquila распрацоўваўся 2 гады. У мінулым годзе Facebook пачаў тэставыя палёты партатыўных мадэляў, а 28 чэрвеня гэтага года ў штаце Арызона адбыўся першы палёт ужо гатовага поўнапамернага лятальнага апарата.

Самалёт можа знаходзіцца на вышыні 18 кіламетраў і раздаваць інтэрнэт на тэрыторыю з дыяметрам 60 кіламетраў. Сонечныя панэлі на крылах сілкуюць 225-кілаграмовыя батарэі на працягу дня, што дазваляе дрону працягваць палёт і раздаваць інтэрнэт нават ноччу і ў пахмурнае надвор'е. Самалёт павінен прызямляцца толькі кожныя 90 дзён — для тэхнічнага абслугоўвання.

Aquila мае невялікую спажываную магутнасць у 5000 Ват. Гэта эквівалентна магутнасці трох звычайных фенаў для валасоў.

Самі ж беспілотнікі атрымліваюць доступ да інтэрнэту з зямной паверхні пры дапамозе лазера.

Ці пабачым мы гэтыя дроны ў Беларусі? Не, не пабачым. Цукерберг адзначыў, што такі спосаб доступу да інтэрнэту добры для малазаселеных і аддаленых рэгіёнаў планеты (пустыні, джунглі, невялікія выспы). Эканамічна немэтазгодна для некалькіх соцень чалавек будаваць асобную вежу мабільнай сувязі альбо праводзіць оптавалаконную сетку, лепей запусціць адзін беспілотнік. А вось у рэгіёнах з нармальнай і высокай шчыльнасцю насельніцтва, да якіх адносіцца Беларусь, выкарыстанне дронаў нерацыянальнае — прасцей укладаць грошы ў класічныя наземныя каналы сувязі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?