Прадстаўніцтва Амерыканскага адукацыйна‑даследчага цэнтру (« «American Center for Education and Research, Inc.»«) у Беларусі пацвердзіла пра закрыццё праграмы тэстаў.

Падрыхтавацца па тэстах TOEFL, GRE і SAT, папулярных у Беларусі, можна і ў нашай краіне. А вось здаваць іх можна толькі за межамі нашай краіны.

У размове з Еўрарадыё прадстаўніца Цэнтру сказала:

«Я не ўпаўнаважаная даваць інтэрвію. Цяпер палітычная афарбоўка такая, што не дае нам нават шанцу адрадзіцца».

Еўрарадыё: «Ці праўда, што вы адзіныя ў Беларусі мелі права прымаць гэтыя тры тэсты — TOEFL, GRE і SAT?»

Прадстаўніца ACER: «Так, была такая сітуацыя, так».

Еўрарадыё: «І цяпер, каб здаць тэсты, трэба выехаць у суседнія краіны?»

Прадстаўніца ACER: «У бліжэйшы час — так, але ACER будзе спрабаваць вырашыць гэтую сітуацыю ў Беларусі».

***

Чарговай ахвярай беларуска‑амерыканскай «халоднай войны» стала прадстаўніцтва карпарацыі «American Center for Education and Research, Inc.» у Рэспубліцы Беларусь. На афіцыйным сайце прадстаўніцтва з’явілася кароткае паведамленне: «З 28 траўня 2008 года прадстаўніцтва карпарацыі «American Center for Education and Research, Inc.» у Рэспубліцы Беларусь спыняе дзейнасць».

Як нагадвае сайт «Беларускі партызан», гэтае прадстаўніцтва доўгія гады аказвала беларускім школьнікам, студэнтам, аспірантам і адмыслоўцам дапамогу ў атрыманні адукацыі і стажыроўках у Еўропе і ЗША. У мінскім і рэгіянальных офісах прадстаўніцтва можна было бясплатна скарыстацца багатай бібліятэкай матэрыялаў для паступлення ў замежныя навучальныя ўстановы і падрыхтоўкі да міжнародных тэстаў.

З закрыццём прадстаўніцтва пад пытаннем апынулася правядзенне ў Беларусі штогадовых тэстаў арганізацыі ETS (Educational Testing Service) — TOEFL, GRE і SAT, неабходных для паступлення ва ўніверсітэты ва ўсім свеце, у тым ліку і ў некаторыя расійскія ВНУ. Гэтыя тэсты ў Беларусі ладзіліся менавіта супрацоўнікамі прадстаўніцтва.

Эўрарадыё

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0