Пакручасты лёс срэбранага прызёра Алімпіяды Вадзіма Стральцова ў кароткім пераказе «НН».

Другое месца ў цяжкай атлетыцы ў вагавай катэгорыі да 94 кілаграмаў заняў беларус Вадзім Стральцоў. Мацнейшым за яго быў толькі Махраб Марадзі.

Родам з Касцюковіцкага раёна

Вадзіму Стральцову 30 гадоў. У ягонай прафесійнай кар'еры было рознае — і яскравыя ўзлёты, і крутыя падзенні. Але на гэтую Алімпіяду праз розныя прычыны Стральцоў ехаў як безумоўны фаварыт. Ад яго не проста чакалі медаля, а ўзнагароды найвышэйшай пробы.

Нават у афіцыйных біяграфіях паўсюль пішацца, што Вадзім Стральцоў — з Магілёва. Ён сапраўды жыве ў гэтым абласным горадзе. Аднак родам спартсмен з вёскі Гаўрылінка Касцюковіцкага раёна. Калі хлопцу было трынаццаць гадоў, то фізрук адвёз яго да касцюковіцкіх трэнераў, а ўжо тыя перанакіравалі пацана ў Магілёў.

Да цяжкай атлетыкі Вадзім займаўся бегам, яго кароннай дыстанцыяй было 1000 метраў. «Не скажу, што быў моцным у той час, але дакладна не слабым», — казаў Стральцоў.

Правал на Алімпіядзе ў Пекіне

Першы раз золата на сусветных спаборніцтвах Стральцоў заваяваў роўна дзесяць гадоў таму — у 2006 годзе на юніёрскім першынстве ў кітайскім Гуанчжоў. Пасля была бронза на дарослых спаборніцтвах у Чыангмаі. На Алімпіядзе-2008 ад Стральцова чакалі медаль. Але на Гульні ён паехаў зусім хворы, змучалі траўмы, але не ехаць не мог, бо атрымаў бы штрафныя санкцыі. У выніку ён нават не змог падняць штангу. Правал.

Пасля гэтага кар'ера Стральцова пайшла пад адхон. На сусветных чэмпіёнатах ён займаў месцы ніжэй за дзясятага. Нічога добрага на гарызонце не прадбачылася. Але магілёвец узяў сябе ў рукі і перазапусціў кар'еру. Летась у Х'юстане ён упершыню стаў чэмпіёнам свету, падняўшы вельмі ўнушальныя 405 кілаграмаў. На ўручэнні медалёў Стральцоў выйшаў у каўбойскім капелюшы. Гэта ж Тэхас як-ніяк.

Адзначым, што спартовец ні разу не быў заўважаны ў допінгу — рэдкасць для цяжкаатлетаў.

Настойвалі, каб завяршыў кар'еру

Пасля «баранкі» на Алімпіядзе ў Пекіне ў Вадзіма Стральцова з'яўляліся думкі ўвогуле завязаць са спортам. Раіў гэта ў тым ліку нават родны бацька. Дый не трэнеры не вызначаліся асаблівай далікатнасцю. Напрыклад, настаўнік зборнай Аляксандр Ганчароў прапанаваў: «Ты падумай, можа, ужо канчай». Стральцоў кажа, што Ганчароў настойваў, каб іншыя трэнеры нікуды не бралі атлета. Аднак знайшоўся Шаршукоў, які палічыў, што ставіць крыж на Стральцову рана. Укладваў у яго свае грошы, і гэта дала плён.

Зрэшты, Ганчароў кажа, што вазіўся са Стральцовым больш чым хто. «У яго складаны характар. Пасля таго, як яму прэзідэнцкую стыпендыю далі, як толькі ні куралесіў — няпросты быў час», — казаў трэнер Ганчароў.

Умее ўсё рабіць сваімі рукамі

У роднай вёсцы Вадзіма Стральцова Гаўрылінцы ўсё яшчэ жыве ягоная бабуля Святлана, маці бацькі. Яна адна з найбольш адданых фанатаў унука, глядзіць спаборніцтвы, першай віншуе.

«Яго бацькі развяліся, калі Вадзім вучыўся ў Магілёве, — кажа спадарыня Святлана. — Хто яго толькі ні крытыкаваў, аднак ён сказаў, што дасягне поспеху, і дасягнуў!»

Бабуля кажа, што ўнук заўсёды працу рабіў у асалоду: і бульбу выкапаць, і двор абкасіць. «Мы ж людзі ад сахі, самі разумееце», — кажа яна.

Не выстаўляе прыватнага жыцця напаказ

Вадзім Стральцоў скончыў факультэт фізічнага выхавання Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова. Сёлета ў красавіку яго назвалі адным з людзей года Магілёва.

Вадзім Стральцоў жанаты і гадуе дачку. Але сваё прыватнае жыццё цяжкаатлет не выстаўляе на паказ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?