Беларус, які лічыўся адным з галоўных прэтэндэнтаў на перамогу ў Рыа, адхілены ад спаборніцтваў.

У адпаведнасці з рашэннем НАДА РБ (Нацыянальнае антыдопінгавае агенцтва Рэспублікі Беларусь) беларускі таэквандыст Арман Маршал Сіла (у прозвішчы націск на апошні склад) часова адхілены ад удзелу ў спаборніцтвах, што практычна выключае яго ўдзел у Алімпійскіх гульнях — 2016.

Прычынай такога рашэння з'яўляецца наяўнасць у допінг-пробе спартоўца забароненага прэпарата мельдоній.

Доктарка нацыянальнай каманды Вольга Жарко, сам Арман Маршал Сіла і яго асабісты трэнер Юлія Сухавіцкая цалкам адмаўляюць ўжыванне дадзенага прэпарата і далі згоду на праходжанне праверкі з выкарыстаннем паліграфа, якая адбудзецца заўтра, 14 жніўня.

Кіраўніцтва Беларускай федэрацыі таэквандо ўпэўненая ў невінаватасці спартоўца і трэнера, бо дадзены прэпарат не выкарыстоўваўся нават у перыяд, калі не ўваходзіў у спіс забароненых прэпаратаў, пра што сведчаць вынікі аналізу трох допінг-пробаў спартсмена (яны былі здадзены ў студзені, лютым і красавіку гэтага года).

«Канчатковыя высновы можна будзе зрабіць толькі па выніках расследавання. Мы цвёрда ўпэўнены ў невінаватасці Армана Маршала Сілы і будзем адстойваць гэтую праўду усімі магчымымі спосабамі. Цяпер пачата расследаванне і прымаюцца ўсе меры для вырашэння гэтага пытання. Просім усіх, хто валодае любой інфармацыяй, якая можа быць выкарыстана ў ходзе расследавання звярнуцца па тэлефоне: (375-29) 351-06-55. Канфідэнцыйнасць гарантуецца», — каментуе сітуацыю намеснік старшыні БФТ Андрэй Чучвал.

«Арман меў вылецець у Рыа ў панядзелак, аднак яго ўдзел у Алімпіядзе цяпер пад сумневам. Нам трэба кансалідаваць свае намаганні, каб даць годны адпор ворагам, якія ўсяляк спрабуюць перашкодзіць выхаду беларускага таэквандо на Алімп. Іх прозвішчы мы з вамі, на жаль, ведаем», — гаворыцца ў заяве БФТ.

Арман Маршал Сіла нарадзіўся 13 ліпеня 1994 года ў Мінску. Выступае ў катэгорыі звыш 87 кг. Двухразовы чэмпіён Еўропы (2014, 2016). Дэбютант Алімпійскіх гульняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?