Нацыянальная зборная Беларусі па футболе цягам тыдня правяла другі таварыскі матч. Спачатку была нічыя ў Кайзэрслаўтарне зь немцамі — 2:2, пасьля пераезд на поўнач — у фінскі Турку, каб сустрэцца з гаспадарамі.

Матч абяцаўся паказаць тэлеканал «Лад», але гледачы, які ўключылі а 19:00 тэлевізар маглі сузіраць толькі алімпійскіх зорак нашай краіны мінулага і сучаснасьці. Трансьляцыя пачалася толькі на 29‑ай хвіліне гульні, нібыта былі нейкія праблемы на спадарожніку.

2 чэрвеня — не фіксаваная ФІФА дата, таму каманда Бэрнда Штанге выйшла на гульню фактычна ў другім, калі ня трэцім складзе. З гульцоў асновы можна назваць толькі Віталя Булыгу і Васіля Хамутоўскага. Іншым гульцам прадстаўляўся бліскучы шанец зарэкамэндаваць сябе.

Фіны таксама былі прадстаўленыя не мацнейшым складам, але куды больш прадстаўнічым, чым беларусы. Адзін зорка фінскага футболу Яры Літманэн правёў матчаў за нацыянальную каманду больш, чым увесь наш асноўны склад разам узяты.

Гульня праходзіла нетаропка. Часам лавіў сябе на думцы, што так маглі б гуляць каманды вышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі. Толькі зрэдчас сустрэча абвастралася, але ўдалымі дзеяньнямі варатары адводзілі пагрозы ад сваіх брамаў.

Ніводнага сапраўды стопрацэнтнага моманту ні адна з каманд стварыць так і не змагла ў асноўны час. Але ўжо на першай дадатковай хвіліне гульні абаронца жодзінскага «Тарпэда» Ігар Шытаў лепш за ўсіх сыграў у штрафной на дабіваньне — 1:0. А ўжо праз адзін абарот сэкунднай стрэлкі Тоvі Каліё лік выраўняў — 1:1.

Нічыйная сэрыя нашай зборнай дасягнула трох матчаў. Наступная таварыскую сустрэчу каманда Штанге правядзе 20 жніўня ў Менску з аргентынцамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?