Ад сёньняшняга дня ў Менску стане на адну амбасаду больш — 3‑га чэрвеня а 15‑й гадзіне адбудзецца афіцыйнае адкрыцьцё дыпляматычнага прадстаўніцтва Вугоршчыны ў Беларусі. З гэтай нагоды ў Менск прыбыў дзяржаўны сакратар МЗС Вугоршчыны Дзьердзь Гійян.

Скарыстаўшыся прыездам спадара Гійяна ў Менск, беларускі МЗС сёньня і заўтра праводзіць двухбаковыя кансультацыі на ўзроўні зьнешнепалітычных ведамстваў. Як паведамілі «Свабодзе» у прэсавай службе зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі, бакі «абмяркуюць шырокае кола пытаньняў двухбаковага супрацоўніцтва, уключаючы разьвіцьцё палітычнага дыялёгу паміж нашымі краінамі».

Таксама плянуецца размова аб пэрспэктывах разьвіцьця дыялёгу Беларусі з Эўразьвязам і ўзаемадзеяньне з Вышаградзкай групай.

Дыпляматычную місію Вугоршчыны ў Беларусі ачоліць Фэрэнц Контра. Гэта дасьведчаны дыплямат, які да прыезду ў Беларусі працаваў ва Ўкраіне. Амбасада разьмесьціцца па вуліцы Платонава, у новым будынку бізнэс‑цэнтру. Плянуецца, што ў другой палове чэрвеня новая амбасада ўжо будзе выдаваць візы для асобаў, якія хочуць наведаць Вугоршчыну.

На долю Вугоршчыны прыходзіцца 10% усяго таваразвароту Беларусі з краінамі Усходняй Эўропы. Летась агульны аб’ём гандлю склаў 270 мільёнаў даляраў.

Амбасада Беларусі ў Вугоршчыне працуе ўжо некалькі гадоў. Яе ачольвае Алена Купчына, якая раней узначальвала дэпартамэнт гуманітарнай дапамогі МЗС Беларусі.

Уладзімер Глод, Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0