AFP

AFP

Эфіопскі бягун Феіс Лілеса выйграў у нядзелю, 21 жніўня, алімпійскі срэбраны медаль, ён заняў другое месца ў марафоне. Перад фінішам спартсмен некалькі разоў скрыжаваў рукі над галавой. Цяпер ён баіцца вярнуцца ў Эфіопію. Па словах атлета, гэты жэст можа каштаваць яму жыцця.

Фейіс Лілеса падтрымаў пратэст супраць урада Эфіопіі. Скрыжаваныя над галавой рукі — не проста жэст. Лілеса выказаў салідарнасць з людзьмі, якія апошнія некалькі месяцаў пратэстуюць супраць эфіопскіх уладаў.

Улады Эфіопіі душаць пратэсты вельмі жорстка.

Пратэсты працягваюцца з лістапада 2015 года. Па дадзеных Human Rights Watch, за гэты час загінулі больш за 400 чалавек, тысячы атрымалі раненні, дзясяткі тысяч апынуліся ў турме або сталі ахвярамі выкраданняў.

Бягун Феіс Лілеса мяркуе, што загінула яшчэ больш людзей — каля тысячы. Падчас абвастрэння канфлікту ў пачатку жніўня ўлады цалкам заблакавалі інтэрнэт на два дні. Удзельнікі пратэстаў адзначаюць, што доступ да сацыяльных сетак абмяжоўваюць пастаянна — у іх можна зайсці толькі праз проксі-серверы.

У пратэстаў у Эфіопіі шмат розных прычын. Феіс Лілеса — прадстаўнік этнасу арома, самага шматлікага ў краіне. Менавіта ў Ароміі пачаліся пратэсты. Непасрэднай прычынай стаў план эфіопскіх уладаў пашырыць межы сталіцы Эфіопіі Адыс-Абебы, каб частка рэгіёна Аромія таксама ўвайшла ў склад горада.

Гэты план не ажыццявіўся, але пратэсты не спыніліся. Супраць уладаў выступілі прадстаўнікі іншага буйнога этнасу — амхара. Пратэстоўцы кажуць, што арома і амхара пакутуюць ад палітычных прыгнёту і дыскрымінацыі. У апошнія гады ў кіруючую вярхушку Эфіопіі ўваходзяць у асноўным тыграі, якія далёка не так шматлікія ў Эфіопіі.

Феіс Лілеса баіцца вяртацца ў Эфіопію. Спартсмен кажа, што яго могуць забіць або арыштаваць, так што ён хоча пераехаць у іншую краіну — у Кенію ці ЗША. У Эфіопіі ў яго засталіся жонка і двое дзяцей.

Жэст Феіса Лілесы ўвойдзе ў гісторыю Алімпійскіх гульняў. Такія эпізоды часам запамінаюцца лепш, чым спартовыя перамогі.

Дастаткова ўспомніць знакаміты жэст амерыканскіх бегуноў Томі Сміта і Джона Карласа, якія падчас цырымоніі ўзнагароджання на Гульнях 1968 года ў Мехіка паднялі ўверх рукі ў чорных пальчатках, пратэстуючы супраць расізму ў ЗША.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?