Украінская генпракуратура распачала крымінальную справу ў дачыненні да міністра абароны Расіі Сяргея Шайгу і яшчэ 17 высокапастаўленых расійскіх чыноўнікаў, якіх у Кіеве падазраюць у здзяйсненні злачынстваў супраць асноў нацыянальнай бяспекі Украіны, піша ВВС.

«Усе падазраваныя абвешчаныя ў дзяржаўны вышук, рыхтуюцца хадайніцтвы ў суд аб прадастаўленні дазволу на іх затрыманне з мэтай дастаўкі ў суд для разгляду хадайніцтва аб прымяненні меры стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай», — заявіў кіраўнік ведамства Юрый Луцэнка.

Сярод падазраваных, па словах Луцэнкі, акрамя Шайгу аказаліся два яго намеснікі, дарадца расійскага прэзідэнта Сяргей Глазьеў, былы ўпаўнаважаны прадстаўнік прэзідэнта РФ у Крымскай федэральнай акрузе Алег Белавенцаў і 10 генералаў з ліку вышэйшага камандавання ўзброеных сіл РФ.

Як адзначыў Луцэнка, дасудовым расследаваннем выяўлена, што кожны з падазраваных, наўмысна парушаючы шэраг міжнародных нарматыўна-прававых актаў, выконваў адкрыта злачынны план адносна змянення межаў тэрыторыі Украіны шляхам давання загадаў Узброеным сілам РФ і кантраляваным прадстаўнікам у самаабвешчанай рэспубліцы Крым тэрарыстычных арганізацый «ЛНР/ДНР», паведамляе «Украінская праўда».

На пытанне аб тым, ці збіраецца генпракуратура распачынаць справу ў адносінах да расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна і прэм'ер-міністра Дзмітрыя Мядзведзева, Луцэнка адказаў: «Працуем».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0