Рэактыўная сістэма залпавага агню (РСЗА) «Паланэз» прынята на ўзбраенне 336-й рэактыўнай артылерыйскай брыгады Узброеных Сіл Беларусі.

«Сістэма «Паланэз» прызначана для аснашчэння рэактыўнага дывізіёна брыгады. РСЗА дазволіць значна павысіць баявую магчымасць ракетных войскаў і артылерыі і абарончыя магчымасці дзяржавы ў цэлым», — сказаў начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл - першы намеснік міністра абароны генерал-маёр Алег Белаконеў.

Галоўныя тактыка-тэхнічныя характарыстыкі «Паланэза» адпавядаюць лепшым узорам замежных сістэм рэактыўнай артылерыі. «Многія тэхнічныя рашэнні, рэалізаваныя ў РСЗА беларускімі распрацоўшчыкамі, не маюць аналагаў у свеце. Прыняцце новых узораў узбраення з'яўляецца адным з элементаў стратэгічнага стрымлівання. Рэактыўныя сістэмы залпавага агню з'яўляюцца найбольш магутным сродкам агнявой падтрымкі наземных груповак войскаў», — адзначыў Алег Белаконеў.

Унікальныя характарыстыкі гэтай сістэмы былі пацверджаныя ў ходзе баявых пускаў у Гомельскай вобласці разлікамі 336-й рэактыўнай брыгады. «Праведзена два пускі ракет, цэлі паразілі, выпрабаванні пацвердзілі эфектыўнасць і надзейнасць сістэмы. Разлікі, якія абслугоўваюць РСЗА, паказалі высокі ўзровень падрыхтоўкі. Ваеннаслужачыя праходзілі спецыяльнае навучанне больш за два месяцы на заводзе-вытворцы», — расказаў камандзір 336-й рэактыўнай артылерыйскай брыгады палкоўнік Аляксандр Цішкевіч.

РСЗА «Паланэз» прызначана для паражэння адкрыта размешчанай і ўкрытай жывой сілы, небраніраванай і браніраванай ваеннай і ваенна-спецыяльнай тэхнікі, артылерыі, ракетных і зенітных ракетных комплексаў, авіяцыйнай тэхнікі на аэрадромах базіравання і іншых аб'ектаў на далёкасці ад 50 км да 200 км з высокай дакладнасцю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?