Гібель ад падзення з вышыні выйшла на трэцяе месца сярод прычын дзіцячай смяротнасці ў Беларусі, паведаміў журналістам 23 жніўня намеснік дырэктара па арганізацыйна-метадычнай працы РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Леанід Ломаць.

Паводле яго слоў, сёлета падзенні з пятага месца падняліся да трэцяга пасля ДТЗ і ўтапленняў. Ломаць адзначыў, што смяротнасць ад апошніх двух прычын знізілася дзякуючы добрай міжведамаснай прафілактычнай працы МУС, МНС, Мінадукацыі, а таксама Асвода.

У той жа час статыстыка падзенняў практычна не змянілася: летась загінулі 16 дзяцей, за шэсць месяцаў гэтага года — 8.

«Казаць пра гэта і праводзіць нейкую прафілактыку проста неабходна, — лічыць спецыяліст. — Калі вы звярнулі ўвагу на апошнія жыроўкі, то на іх абароце ўжо і камунальнікі пішуць пра небяспеку адкрытых вокнаў».

Акрамя таго, Ломаць падкрэсліў, што з вышыні падаюць не толькі маленькія дзеці, але і падлеткі — у асноўным з дахаў. Ён адзначыў даступнасць і адкрытасць для іх гарышчаў і тэхнічных паверхаў, адкуль ёсць выхад вонкі, і звярнуў увагу на небяспеку такіх навамодных экстрэмальных падлеткавых захапленняў, як руфінг (лажанне па дахах) і білдырынг (лажанне па сценах вышынных будынкаў).

У цэлым дзіцячая смяротнасць ад траўмаў у параўнанні з 2010 годам знізілася з 20 да 8,8 выпадку на 100 тыс. Ломаць паведаміў, што за першае паўгоддзе 2016 года загінула 77 дзяцей, за такі ж перыяд мінулага — 84 дзіцяці. Аднак, на яго думку, гэта ўсё роўна вялікія лічбы, і лета з'яўляецца самым траўманебяспечным для дзяцей перыядам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?