У Мінску на ўчастку праспекта Пераможцаў ад вуліцы Нямігі да праспекта Машэрава да Дня горада з'явіцца новая святочная ілюмінацыя. Такая інфармацыя размешчана на афіцыйным сайце Мінгарвыканкама.

Старыя гірлянды ўжо дэмантаваныя, замест іх мантуюць новыя, адзначылі ва УП «Мінгарсвятло». Так, на адрэзку ад вуліцы Нямігі да вуліцы Мельнікайтэ ілюмінацыя будзе ўяўляць сабой гірлянды над праезнай часткай з вялікімі шарамі метровага дыяметра па цэнтры і ніткамі рознай даўжыні па баках. Таксама з'явяцца новыя элементы на саміх апорах уздоўж дарожнага палатна. Участак ад вуліцы Мельнікайтэ да праспекта Машэрава ўпрыгожаць гірлянды колераў дзяржаўнага сцяга паабапал праспекта паміж ліхтарамі і чырвоныя зоркі на саміх асвятляльных апорах.

Да Дня горада таксама плануецца ўсталяваць на пляцоўцы каля Палаца спорту ілюмінацыйныя канструкцыю «Падарунак» дыяметрам больш за 3 м, якую вырабілі на прадпрыемстве «Мінгарсвятло». Мяркуецца, што пасля свята «Падарунак» застанецца стаяць на тым жа месцы і стане своеасаблівым сімвалам пляцоўкі. Акрамя таго, у раёне цэнтральнай набярэжнай парку Перамогі з боку праспекта Пераможцаў да свята горада будуць упрыгожаныя белымі і блакітнымі гірляндамі ствалы прыкладна 20 дрэў.

Акрамя навінак у сталіцы ў Дзень горада заззяе і іншая святочная ілюмінацыя. Графік працы ўжо вызначаны: гірлянды запаляцца 3 верасня ў 20.24, а згаснуць апоўначы 4 верасня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0