У «Беларускім Гістарычным Аглядзе» выйшла рэцэнзія Алены Марковай — чэшскай даследчыцы беларускага паходжання — на кнігу Пэра Андэрса Рудлінга The Rise and Fall of Belarusian Nationalism, 1906—1931 («Узлёт і падзенне беларускага нацыяналізму, 1906—1931»). Яна не толькі дае магчымасць узбагаціць свае веды пра гісторыю Беларусі 1920-х (Маркова спецыялізуецца на беларусізацыі), але і прымушае задумацца пра некаторыя акалічнасці сучаснага стану беларускай культуры.

Кніжка шведска-амерыканскага гісторыка выйшла ў 2015 у ЗША, у выдавецтве Пітсбургскага ўніверсітэта.

Даследчык ставіць за мэту паказаць, як «некалькі соцень інтэлектуалаў» у пачатку ХХ стагоддзя ўявілі і спраецыравалі на мапу свету Беларусь, якая аналізуецца ў кнізе як «памежная тэрыторыя, сацыяльны праект і палітычны інструмент». Хаця «работа па ўяўленні» Беларусі стартавала вельмі позна, у неспрыяльных умовах і доўга не знаходзіла належнага водгуку сярод мэтавай аўдыторыі (беларускамоўнага сялянства), збег палітычных акалічнасцей у 1918—1920 дазволіў аформіцца беларускай дзяржаве.

Рудлінг заўважае з інтанацыяй, якая назольна напамінае апавяданне Міхаіла Булгакава «Кіеў-горад»: за гэтыя тры гады беларускую дзяржаўнасць абвяшчалі прынамсі 6 разоў (параўн. «по счету киевлян у них было 18 переворотов»).

Рудлінг спрабуе высветліць, чаму беларускі нацыяналізм выявіў тую дынаміку, якую выявіў; прычынамі ён называе некадыфікаванасць нацыянальнай мовы да 1918, малапапулярнасць нацыянальнай праграмы ў гарадах і малы сацыяльны капітал беларускіх адраджэнцаў.

Рудлінг прапануе чытачу панараму канкрэтных гістарычных эпізодаў і чыннікаў, што ўплывалі на дынаміку гэтага ўяўлення і ягонага сацыяльнага ўкаранення. Нямецкая акупацыя Беларусі ў 1915 прывяла да фарміравання мадэрновай адміністрацыі і беларускамоўнай школы, Версальская дамова пахавала ідэі федэрацыйнага палітычнага ўладкавання колішняга ВКЛ, прымусіўшы палітычныя групы да этнічна азначаных палітычных праектаў; геапалітычная сітуацыя пасля 1921, палітыка Пілсудскага і Сталіна (у меншай ступені — Літвы) таксама ўздзейнічалі на развіццё беларускага нацыяналізму.

Найважнейшым вонкавым чыннікам у гісторыі беларускага нацыянальнага руху становіцца, аднак, украінскі першаўзор — паводле Рудлінга, беларускія нацыяналісты наследавалі сваім украінскім калегам.

Каб лепш растлумачыць заходняму чытачу беларускую сітуацыю, шведскі гісторык звяртаецца да схемы развіцця нацыянальных рухаў Міраслава Гроха і прапануе перыядызацыю беларускага нацыяналізму паводле гэтай схемы. Першыя дзве фазы (фазы А і В) чэшскага даследчыка маюць на ўвазе навуковы інтарэс і стадыю нацыянальнай прапаганды, трэцяя (С) — масавую мабілізацыю пад сцягамі нацыяналізму, чацвёртая (D) — стварэнне нацыянальнай дзяржавы. Рудлінг датуе трэцюю фазу ў беларускім нацыяналізме перыядам 1920-х, звязваючы яе з беларусізацыяй у БССР і поспехам Грамады ў Польшчы. Гістарычныя акалічнасці перыяду 1906—1931 гадоў служаць Рудлінгу падставай для тлумачэння бягучай беларускай сітуацыі — наяўнасці некалькіх нацыянальных праектаў, якія, на думку даследчыка, не зважаючы на вонкавую варожасць, узаемна абумоўленыя.

Кніга атрымала добрую крытыку ў заходніх выданнях.

Найбольш важныя водгукі выйшлі па-нямецку (аўтар — Фелікс Акерман) і па-англійску (Сайман Льюіс), яны выключна высока ацанілі даследаванне — як чытэльную працу, забяспечаную вялікай колькасцю спасылак (Акерман) ці нават як «вытанчанае і шматграннае даследаванне» (Льюіс). Льюіс асабліва пакдрэслівае, што найбольш важная перавага працы — дыяпазон выкарыстаных у ёй архіўных крыніц.

У сваю чаргу Маркова, канцэнтруючыся ў сваім водгуку на 1920-х гадах, пераканаўча паказвае на шматлікія хібы і скажэнні, якія аўтар дапусціў у манаграфіі.

Гэтыя хібы маюць выразныя (але ненаўмысныя, трэба меркаваць) пункты судакранання з павесткай некаторых ідэалагічных плыняў у Беларусі.

У прыватнасці, многія сцвярджэнні Рудлінга наўпрост супадаюць з «чарнасоценскай» інтэрпрэтацыяй гісторыі БССР 1920-х гадоў. Выдатныя прыклады гэтага падыходу можна знайсці на сайце «Спутнік і пагром» ці ягоным беларускім аналагу zapadrus.su.

Яна зводзіцца да таго, што ў 1920-х гадах бальшавікі, каб аслабіць варожы ім рускі народ (за гэтым часта хаваюцца ідэі аб тым, што бальшавізм быў навязаны богабаязнай Расіі яўрэямі), расчлянілі яго на тры часткі і пачалі навязваць спрадвечна рускаму насельніцтву Заходняй Расіі беларускую мову і літаратуру. І навязалі, як нядаўна нехаця і без асалоды прызнаў Усевалад Шымаў.

У гісторыі з Марковай і Рудлінгам выклікаюць увагу не толькі гэтыя канатацыі чыста акадэмічнай спрэчкі, якая мае паважны і багаты фон у сучаснай гуманістыцы (адно з ключавых пытанняў, якія спараджае канструктывісцкае разуменне нацыі, — ці сапраўды нацыю можна стварыць з абы-якой супольнасці на падставе абы-якіх размежавальных параметраў, — можа плённа абмяркоўвацца на беларускім матэрыяле; добры прыклад становіць рэцэнзія Міраслава Гроха на манаграфію самой Марковай (Ab Imperio. 2013. №3). Важна звярнуцца таксама да праблемы ўключэння беларускай праблематыкі ў парадак дня сусветнай навукі, у прыватнасці, заходняй акадэміі. Відавочна, што Беларусь да сёння застаецца белай плямай на карце Еўропы, прычым можа найбольш белай — на яе інтэлектуальнай карце. Беларуская інтэлектуалістыка не прадукуе ці амаль не прадукуе канкурэнтаздольных на сусветных сімвалічных рынках тэкстаў, сюжэтаў і дэбатаў. Гэта нявыкрутка, вядома ж.

Мне падалося, што рэцэнзія Марковай якраз-такі ідэальна пасавала б у які-небудзь прэстыжны заходні часопіс. Справа ў тэматыцы, у яснасці аргументаў: яны не «герметычныя», як гэта часта бывае з прычыны малавядомасці беларускай культуры нават у нашым рэгіёне, не кажучы ўжо пра свет, а цалкам даступныя ўспрыманню незалучанага ў беларускі кантэкст чытача.

Тэкст Марковай дае беларускія адказы на пытанні, якія можна ставіць у дачыненні вялікай колькасці краін, пры чым не толькі савецкіх.

У гэтай сувязі цікава звярнуць увагу на даследчы праект швейцарскага гісторыка Штэфана Рындлісбахера (Rindlisbacher) «Вызначэнне і перанясенне граніц у Савецкай дзяржаве, 1918/1922—1936» (універсітэт Берна). Калі паралельна чытаць даклад пра змест гэтага праекта і рэцэнзію Марковай, немагчыма не здзівіцца, наколькі блізкія ўзнятыя там праблемы і сюжэты. Каранізацыя, супраціў і інструменталізацыя нацыянальнага пытання (Рындлісбахер канкрэтызуе: «…рэжым спадзяваўся ўтаймаваць мажлівыя агмяні нацыянальных канфліктаў і адначасова мець у далейшым магчымасць актывізаваць нацыянальна канаціраваныя інтарэсы як унутры- і замежнапалітычныя «рэсурсы», ён спасылаецца пры гэтым на апісаны Т. Марцінам «прынцып П’емонта», і на артыкул швейцарскае даследчыцы Marina Cattaruzza), і процьма натуральных супадзенняў у спасылках.

Праблема тут нават не ў тым, што швейцарскі гісторык мерыцца вывучаць Украіну, Каўказ і Сярэднюю Азію, а вывучаць Беларусь не мерыцца. І нават не ў тым, што Belarusian Studies выступаюць як «крыху эзатэрычнае поле»(Льюіс). Не ў тым, што заходнія даследчыкі «не часта маюць нагоду прачытаць кнігу, якая канцэнтруецца толькі на Беларусі» (гэтак у невялікай рэпліцы пра кнігу напісала Аманда Свэйн). Гэта ўсё канстатацыі, яны карысныя — каб ясней уяўляць становішча. Праблема ж, падаецца, у правільнай фармулёўцы пытання.

Чаму беларускіх гісторый няма ў парадку дня сусветнай палітыкі і культуры? Існуе шмат тлумачэнняў — ад апісанага Кундэрам «выкрадання Усходняй Еўропы» да тэорыі «ценя Украіны», у якім апынулася Беларусь цяпер. Факт застаецца фактам: усходнееўрапейскіх гісторый мноства, The Grand Budapest Hotel, і ўсе як адна гучаць. А наша ўсё яшчэ не гучыць.

Чытайце таксама:

БНР, Балаховіч, БСРГ: заходні погляд

* * *

Антон Лявіцкі

Нар. 1993. Магістр гістарычных навук. Спецыялізуецца ў гісторыі Беларусі другой паловы ХХ стагоддзя. Скончыў Ліцэй БДУ, вывучаў гісторыю і паліталогію на гістарычным факультэце БДУ і ў Лейпцыгскім універсітэце ў Германіі. Паходзіць з Палянінавічаў, што ў Магілёўскай вобласці.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?