Супрацоўнікамі аддзела крымінальнага вышуку Заводскага РУУС г. Мінска адшукваюцца трое хлопцаў і дзяўчына, якія збілі пажылога мужчыну.

Здарылася ўсё ў тралейбусе маршруту №3, які рухаўся па Партызанскім праспекце ў кірунку чыгуначнага вакзала.

Позна ўвечары пацярпелы разам з жонкай вяртаўся дадому. На адным з прыпынкаў у тралейбус зайшла кампанія — хлопцы і дзяўчына. Паводзілі яны сябе абуральна, гучна слухалі музыку.

Мужчына зрабіў ім заўвагу, што выклікала моцнае абурэнне моладзі. Хлопцы проста збілі яго на вачах у жонкі.

«У выніку мужчына атрымаў цялесныя пашкоджанні спачатку ў тралейбусе, потым на прыпынку «Аўтазаводская», — паведамляе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама.

Цяпер міліцыя шукае агрэсіўных пасажыраў.

Дзяўчына: на выгляд каля 25 гадоў, рост 170—175 см, мажнага целаскладу, валасы доўгія, фарбаваныя ў белы колер з адценнем жоўтага. Была апранута ў прыталеную чорную спартыўную вопратку, на нагах шлапакі, пры сабе мела сумачку праз плячо белага колеру.

Першы хлопец: на выгляд 16—20 гадоў, рост 180 см, хударлявага целаскладу, валасы светла-русыя сярэдняй даўжыні. Быў апрануты: чорная з кароткім рукавом майка з надпісам на грудзях белага колеру, цёмна-сінія джынсавыя шорты, красоўкі сіняга колеру з лагатыпам «Найк», пры сабе меў заплечнік чорнага колеру з надпісам белага колеру «Найк» і лагатыпам «Найк».

Другі хлопец: на выгляд 16—20 гадоў, рост 170—175 см, хударлявага целаскладу, валасы кароткія цёмныя. Быў апрануты ў байку чорнага колеру з доўгім рукавом з надпісам на грудзях белага колеру, чорныя шорты, чорныя красоўкі з трыма белымі палосамі па баках. Пры сабе меў заплечнік чорнага колеру.

Трэці хлопец: на выгляд 16—20 гадоў, рост 170—175 см, хударлявага целаскладу, валасы сярэдняй даўжыні русыя. Быў апрануты: майка цёмна-сіняга колеру тыпу футболка, з кароткім рукавом, на правым баку пляча футболкі маецца лічба 3 жоўтага колеру, чырвоныя шорты з невялікімі ўстаўкамі па баках чорнага колеру, красоўкі з лагатыпам «Найк». Пры сабе меў скураную чырвоную сумку.

Калі хтосьці пазнаў гэтых маладых людзей альбо быў відавочцам ці сведкам здарэння, міліцыя просіць звяртацца ў Заводскае РУУС асабіста або па тэлефоне: 8 (029) 149-99-90.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?