Аляксей Кароль |
Галоўны рэдактар незалежнага выданьня «Новы час» Аляксей Кароль перамог у міжнародным конкурсе журналістаў імя Найта.
«Апошнія 15 гадоў Аляксей Кароль падаваў суайчыньнікам незалежную інфармацыю, нягледзячы на фізычныя нападкі і моцны ціск з боку дзяржавы, — гаворыцца ў паведамленьні ICFJ. — Першая яго газэта «Згода» была закрытая рашэньнем Вярхоўнага суду Беларусі ў 2006 годзе. У 2007 годзе ён пачаў выдаваць штотыднёвую газэту «Новы час», якой таксама даводзіцца нялёгка».
А.Кароль «сымбалізуе апошнюю надзею на свабоду прэсы ў Беларусі», цытуе словы старшыні ICFJ Джойса Барнатана БелаПАН.
Узнагароду Аляксею Каралю ўручаць 12 лістапада ў Вашынгтоне (ЗША). Разам зь ім прэмію Міжнароднага цэнтру журналістаў атрымае журналіст з Уганды Фрэнк Ньякаіру.
Міжнародны конкурс журналістаў імя Найта прайшоў у 2008‑м годзе дзясяты раз. У заяве ICFJ гаворыцца, што пераможцамі становяцца журналісты, якія «выказалі выключную вернасьць прафэсіі і, нягледзячы на вялікія выпрабаваньні, захавалі высокія стандарты журналістыкі».
Фота photo.bymedia.net