Зьмяніліся правілы выезду за мяжу дзяцей, якія зьяўляюцца грамадзянамі Беларусі. Пра гэта на прэсавай канфэрэнцыі паведаміў кіраўнік упраўленьня па грамадзянству і міграцыі Мікалай Шэўчык.

Галоўная зьмена датычыцца тэрміну дзеяньня пашпарту. Яго мусіць атрымліваць любое беларускае дзіця, якое едзе за мяжу. Раней пашпарт, атрыманы нават у пялюшках, дзейнічаў да дасягненьня дзіцёнкам 16-ці гадоў. Праз гэта на мяжы часта ўзьнікалі праблемы. Памежнікі не пазнавалі 16‑гадовых юнакоў і дзяўчат, якія для пашпарту былі сфатаграфаваныя яшчэ ў пампэрсах. Таму й была прынятая норма, што пашпарт будзе дзейнічаць толькі 5 гадоў. Гэта, магчыма, дадасьць нязручнасьці бацькам, але палегчыць працу памежнікам.

Апроч таго, цяпер пашпарты дзецям будуць выдавацца бясплатна. Раней трэба было аплаціць саму кніжачку пашпарта й кампутарныя паслугі — разам каля 10 даляраў. Да таго ж, ад Новага году й дазвольны штамп на выезд за мяжу непатрэбны — на 5 гадоў ён каштаваў каля 35 даляраў.

Нормы адносна дазволаў бацькоў засталіся ранейшыя. Калі дзіця едзе за мяжу з адным з бацькоў, патрэбны натарыяльна засьведчаны дазвол другога. Калі едзе з трэцяй асобай, патрэбны дазвол абодвух бацькоў, дзе пазначана, з кім канкрэтна яны адпускаюць дзіця за мяжу. Калі ж адзін з бацькоў адмаўляецца выпускаць дзіця за мяжу, дазвол можа даць толькі суд.

Арцём Багданаў, Польскае радыё для замежжа

Глядзі яшчэ:
У Польшчу стане езьдзіць троху прасьцей
Улады не гатовыя скасаваць памежную зону

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0