Зьміцер Касьпяровіч, які толькі выйшаў з Жодзінскай турмы, 7 траўня патрапіў пад «хапун» перад флэш-мобам «Год без Скарыны». Яго затрымалі за 200 м ад меркаванага месца флэш-мобу. «Пайшоў паглядзець, што такое флэш-моб. Выйшаў з мэтро, прайшоў 200 м – тут мяне і затрымалі. Як вызначылі, што я іду на флэш-моб, – не разумею», – распавядае Зьміцер.
У пастарунку Касьпяровіч паказаў міліцыянтам даведку пра вызваленьне з турмы. «Яны сталі правяраць па сваіх крыніцах. Нехта тэлефанаваў ім у пастарунак наконт мяне – мо з КДБ», – пасьміхаецца хлопец. Пераважная бальшыня затрыманых разам зь ім былі непаўналетнія, некаторыя – выкладчыкі ВНУ. «Ім хацелі прачытаць нейкую лекцыю пра герб, сьцяг і г.д. Але яны разгаварыліся са мной пра Жодзінскую турму й потым сказалі затрыманым: глядзіце, з кім вам сядзець давялося!» – Касьпяровіч не хавае іроніі.
У пастарунку затрыманых пратрымалі гадзіны дзьве, пасьля чаго адпусьцілі.
АШ