Расія арганізуе спаборніцтвы для недапушчаных на Паралімпіяду ў Рыа расійскіх спартоўцаў, заявіў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін. Узнагароды для ўдзельнікаў гэтых гульняў будуць раўнацэнныя паралімпійскім, сказаў ён.

«Хачу сказаць нашым паралімпійцам: мы, зразумела, будзем вас падтрымліваць і спецыяльна арганізуем спаборніцтвы, дзе вы зможаце паказаць усё сваё майстэрства, а заахвочванне для пераможцаў і прызёраў будзе такім жа, якім яно было б і па выніках Паралімпійскіх гульняў», — сказаў Пуцін на ўручэнні дзяржаўных узнагарод расійскім алімпійцам, якія вярнуліся ў Маскву.

Каментуючы рашэнне Міжнароднага паралімпійскага камітэта не дапускаць расіян да гульняў, Пуцін назваў яго нялюдскім.

«Рашэнне аб дыскваліфікацыі нашых паралімпійцаў — па-за правам, па-за мараллю і па-за чалавечнасцю», — сказаў ён.

Пра рашэнне адхіліць ад спаборніцтваў расійскую параалімпійскую зборную ў сярэдзіне жніўня абвясціў кіраўнік МПК Філіп Крэйвен.

«Поўная карумпаванасць антыдопінгавай сістэмы ў Расіі супярэчыць правілам і б'е ў самае сэрца паралімпійскага спорту. Гэта абуральнае грэбаванне здароўем і дабрабытам атлетаў, гэтаму не месца ў паралімпійскім спорце», — заявіў ён.

Пуцін жа лічыць, што гэтае рашэнне, як і рашэнне адхіліць расійскіх лёгкаатлетаў ад Алімпіяды, было палітычным.

«На вялікі жаль, мы сталі сведкамі таго, як гуманістычныя асновы спорту і алімпізм нахабна парушаюцца палітыкай, як кан'юктурна вырашаюцца пытанні, як такія якасці, як карыслівасьць, а, можа быць, і баязлівасць, бяруць верх над прынцыпамі алімпізму», — сказаў Пуцін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?